Фота Аляксандры Квяткевіч, tut.by

Бюджэтнікі абураліся новай схемай выплаты заробкаў яшчэ на пачатку лютага. Міністэрства працы абяцала разабрацца. Свабода пагаварыла з людзьмі і даведалася – у сакавіку лепш не стала.

З Новага года заробкі бюджэтнікам пачалі выплачваць адпаведна з новай схемай. У выніку многія заўважылі, што іх выплаты ўпалі. У Міністэрстве працы заявілі, што «большасьці фактаў зніжэньня заробкаў за студзень пры праверцы не пацвердзілася». Пры гэтым у ведамстве прызналі, што мелі месца «асобныя факты няправільнага налічэння».

«У лютым лепш не стала»

Наталля, педагог-псіхолаг у дашкольнай установе, распавяла, што заробак параўнальна з папярэднім месяцам не памяняўся.

«Але параўнальна з леташнім заробкам розніца відавочная. У лютым мы атрымалі меней, чым у студзені, хаця ненашмат. Але ў адміністрацыі нам тлумачаць, што за кошт нас, спецыялістаў у дзіцячых садках, дадаюць мінімальны заробак тэхнічнаму персаналу.

Таму калі раней я мела надбаўкі за стаж працы, за складанасць, то ўсяго гэтага ў мяне цяпер няма. Мае грошы, высвятляецца, налічваюць памочнікам выхавальнікаў, вартаўнікам, каб у іх быў мінімальны заробак. Вось так нам тлумачаць у бухгалтэрыі. У мяне стаж невялікі, але розніцу я адчула вельмі моцна», – кажа Наталля.

Жанчына сказала, што разліковыя лісты выносіць з працы не дазваляюць. Стаўка псіхолага – 370 рублёў, а фактычна яна атрымлівае 200-250 рублёў.

Паводле Наталлі, у адміністрацыі кажуць, каб пісалі заяву на звальненне, калі нешта не падабаецца.

«З заробкамі сітуацыя страшная. Мы страцілі ўсё, страцілі надбаўкі. Я вяду дадатковую працу з праблемнымі сем’ямі. У мяне ў калектыўнай дамове запісана, што я за гэта павінна мець 30% ад акладу, але мне іх ніхто не плаціць. Мне тлумачаць, што на мяне не хапіла грошай. Мы думалі, што ў лютым будзе лепш! Але, як паказала практыка, не стала».

Наталля кажа, што на заробак у дзвесце рублёў вельмі складана пражыць. Пры гэтым прымушаюць падпісвацца на газеты і здаваць грошы – то на паперу, то «на кветачкі».

«Каб зарабляць тыя ж самыя грошы, трэба яшчэ больш працаваць»

Арцём вядзе гурток у адным з палацаў дзяцей і моладзі, працуе на 0,25 стаўкі. Разам з прэміяй яго заробак складае каля 175 рублёў. Але другі месяц запар яго заробак атрымліваецца менш на 20 рублёў.

«Гэта тыя грошы, на якія я жыву. Выратоўвае тое, што жыву разам з бацькамі. Але шукаю іншую працу, бо на такія грошы пражыць немагчыма.

Нядаўна ў нас быў педагагічны сход, на якім нам тлумачылі, чаму ў нас паменшыўся заробак. Гэта было даволі смешна, бо сказалі, што заробак не памяняўся, але памянялася налічэнне прэміяльных. Маўляў, раней прэміяльныя былі каля 16%, а цяпер іх паменшылі да 5%. Каб зарабляць больш, трэба рабіць нейкія мерапрыемствы, нейкую дадатковую працу. Высвятляецца, каб зарабляць тыя ж самыя грошы, трэба яшчэ больш працаваць».

 

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский