Так выглядае новая кніга. Фота забяспечанае Глебам Пудавым.

Днямі ў Расіі выйшаў зборнік паэзіі «Пяюць пераспелыя травы». Кніга выйшла па ініцыятыве паэта, перакладчыка і мастацтвазнаўцы Глеба Пудава.

У кнізе – вершы 18 беларускіх паэтаў у перакладзе Глеба на рускую мову. У дадатку – вершы Глеба ў перакладзе нашых паэтаў на беларускую мову.

У кнізе прадстаўленыя творцы з нашага рэгіёна – Мікола Шабовіч, Віктар Шніп і жыхарка Маладзечна Марыя Шэбанец. У зборніку таксама ёсць артыкул Глеба пра творчасць Марыі.

Марыя Шэбанец: Было цікава пазнаёміцца з піцерскім мастацтвазнаўцам

З Глебам Пудавым маладзечанка Марыя Шэбанец супрацоўнічае не першы год. Летась яны выдалі агульную кнігу «Рэха».

Менавіта пераклады і былі падставай для нашага з Глебам знаёмства. Ён набыў маю кніжку «Таямніца», адшукаў мяне на «Фэйсбуку» і запытаў дазволу на пераклад вершаў. А потым закруцілася – і вось ужо мы дапамагаем адзін аднаму з вычыткай, пішам рэцэнзіі ды прадмовы, – расказала Марыя карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты».

Спачатку выйшла агульная кніга паэзіі, а пераклады чакалі свайго часу, кажа Марыя. Глеб пісаў іх паступова, паказваў аўтарцы. Атрыманае абмяркоўвалі, крыху спрачаліся. Так і склалася падборка, што ўвайшла ў фінальны рукапіс і нарэшце рухаецца да друку.

Па-беларуску – больш мякка і сакавіта

Паэтка прызнаецца, што ёй цікава было пазнаёміцца з піцерскім мастацтвазнаўцам:

– А як яшчэ пазнаёміцца з творчым чалавекам, калі не праз яго творчасць? Вось і ўзялася перакладаць у адказ – маўляў, ведай нашых! Пачытала вершы – і за справу. Нават у галаву не прыходзіла, што Глеб і іх прыстроіць у кніжку, проста пафарсіць хацелася.

Марыі вельмі падабаюцца вершы рускіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову:

– І не толькі таму, што сама перакладаю, хоць і смяюся з гэтага штораз.

Проста некаторыя вершы па-беларуску пачынаюць гучаць крышачку іначай – больш мякка, больш сакавіта, больш смачна.

Узаемныя пераклады, на думку Марыі, патрэбныя абодвум літаратурам. Яны праз гэта ўзбагачаюцца новымі імёнамі, новымі вершамі.

Глеб Пудаў: у Беларусі з’явіўся цікавы і самабытны паэт

А што думае піцерскі мастацтвазнаўца пра творчасць паэткі з Маладзечна?

– Творы Марыі сведчаць пра тое, што ў Беларусі з’явіўся цікавы і самабытны паэт, – перакананы Глеб. – Найбольш яскрава асаблівасці яе паэзіі выказаныя ў паэме «Цэнтр сусвету». Сюжэт быццам бы просты – летняе наведванне бабулі – вясковае жыццё – вяртанне ў горад – шэрыя будні і смерць блізкага чалавека. Але жыццё тут паказанае ва ўсёй шматграннасці і паўнаце.

У беларускай літаратуры шмат твораў пра прыроду і працу людзей на вёсцы. Аднак не кожны, на думку Глеба, можа параўнацца з творамі Марыі Шэбанец сваёй пранікнёнасцю і чысцінёй.

Па словах Глеба, ён мае і далейшыя планы на супрацоўніцтва з Марыяй. Але расказваць пра іх не хочацца, бо творчасць – працэс непрадказальны, падсумаваў суразмоўца.

• Текст доступен на языке: Русский