Фота прэс-служба "Дынама-Маладзечна".

Маладзечанцы перамаглі ў вырашальным матчы чвэрцьфінальнай серыі супраць «Гомеля» — дынамаўцы вырвалі перамогу ў дадатковы час.

За стартавы першы перыяд гамяльчане ўсяго двойчы кінулі шайбу ў створ варот. А маладзечанцы у той жа час зрабілі гэта 15 разоў. Аднак першую шайбу закінуў форвард «Гомеля» Юры Какшараў у другім перыядзе. Потым Вячаслаў Грэцкі зраўняў лік. На куражы маладзечанцы развілі поспех. Павел Пячура ўсяго праз тры хвіліны вывеў гаспадароў наперад — 2:1.

«Гомель» адказаў выхадам Аляксандра Скорынава сам-насам з галкіперам маладзечанцаў — 2:2.

На старце трэцяга перыяду гамяльчане захапілі лідарства: Какшараў аформіў дубль — 2:3. Ілля Літвінаў з «Дынама-Маладзечна» неўзабаве зраўняў лік у гульне.

У дадатковы час Арцём Воўкаў выкаціўся з-за варот і завёў шайбу у блізкі кут. Праўда, адразу ж парадавацца гаспадарам суддзі не далі — момант вывучалі на відэа. У выніку гол залічылі — 4:3! Такім чынам, «Дынама-Маладзечна» праходзіць у паўфінал плэй-оф Экстралігі.

На прэс-канферэнцыі пасля гульні трэнеры камандаў дзяліліся ўражаннямі ад чвэрцьфінальнай серыі і сёмага вырашальнага матча.

Галоўны трэнер «Гомеля» Сяргей Стась:

— Калегу з перамогай! Думаю, што сёння была класная гульня, ганаруся сваімі хлопцамі, для мяне яны не прайгралі. Была праведзена каласальная праца, яны хутка прагрэсуюць і думаю, што ў іх усё наперадзе. Што тычыцца матчу, мы вялі, але сваю ролю адыгралі дэталі, дзе абаронца, ведаючы, што клюшку не накладваюць зверху, а падымаюць яе знізу, адыграў. Але будзем працягваць працаваць. Думаю, што ў дзецюкоў ўсё наперадзе. Яны паказалі характар, паказалі добры хакей, фізічна выдатна гатовыя. Увогуле, я задаволены хлопцамі.

Галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Дзмітры Краўчанка:

— Хачу падзякаваць заўзятарам. Не толькі маладзечанскім, але і гомельскім, за тое, што прыехалі, падтрымалі сваю каманду. Таксама хачу падзякаваць камандзе «Гомель» за добры спарынг на сем гульняў. Дзякую нашым заўзятарам за тое, што заўсёды падтрымліваюць нас, ездзяць на выезды. Сёння перад авертаймам папрасілі хлопцаў згуляць не толькі за каманду, але і за тых людзей, якія прыйшлі на трыбуны. Нам трэба было нешта такое, каб пераламаць сябе ўнутры. Думаў, што шостая гульня, у якой нам забілі нестандартныя галы, трохі падламала гульцоў. Але сёння ў нас быў шосты гулец — наш заўзятар, і мы рады, што выйгралі гэтую серыю.

Дзмітры Краўчанка і Сяргей Стась. Фота прэс-служба “Дынама-Маладзечна”.

— Пытанне да абодвух трэнераў. Што казалі сваёй камандзе перад авертаймам? На што звярталі ўвагу перш за ўсё?

Дзмітры Краўчанка: выйграць пятак.

Сяргей Стась: цярпліва чакаць сваіх шанцаў.

* * *

У паўфінале супернікам дынамаўцаў стане мінскае «Юнацтва». Серыя стартуе ўжо 11 сакавіка на лёдзе «Чыжоўка-Арэне».