Фота забяспечанае Сяргеем Дурэйка для shliah.by.

БК «Смаргонь» выйграў чэмпіянат Гродзенскай вобласці па баскетболе сярод аматараў. У фінальным матчы смаргонскія баскетбалісты абыгралі каманду «СПК «Дзеншчыкава» — 55:53.

Трэнер «Смаргоні» Сяргей Дурэйка пракаментаваў перамогу сваёй дружыны:

— У мінулым годзе мы дэбютавалі ў абласным чэмпіянаце «Гарадзенская ліга» і заваявалі 2-е месца. Тады нас ніхто не ведаў, таму шматлікія каманды недаацэньвалі «Смаргонь». У гэтым сезоне недаацэнкі не было. У пачатку чэмпіянату мы прайгралі «СПК «Дзеншчыкава», з якімі па волі лёсу зноў сустрэліся ў фінале. Ацэньваючы ўсё першынство ад першага матча да апошняга, адзначу, што лёгкай прагулкай для «Смаргоні» гэты турнір не быў. Мы гулялі з камандамі рознага ўзроўню. У кожнай былі амбіцыі. У фінальнай гульні смаргонскія баскетбалісты дзякуючы настойлівасці і зацятасці змаглі выйграць у «СПК «Дзеншчыкава», у якой, дарэчы, былі сабраныя моцныя гульцы — былыя баскетбалісты «Гродна-93».

Сяргей Анатольевіч лічыць, што ў перамозе БК «Смаргонь» не малы поспех яго капітана — Паўла Мароза. Паводле слоў трэнера, менавіта ён з’яўляецца стрыжнем усяго калектыву, які аб’яднаў вакол сябе былых выхаванцаў Смаргонскай СДЮШАР. Таксама Сяргей Дурэйка адзначыў спартыўныя заслугі на баскетбольнай пляцоўцы Уладзіслава Гаўроша, Аляксандра Шынкевіча, Ягора Вiльбiка і іншых гульцоў.

— У 2019-м мы ўзялі «срэбра», у гэтым годзе — «золата». Планка для нашай каманды зададзена вельмі высока. Якім будзе наступны сезон для нашай каманды, сказаць складана. Паколькі «Гарадзенская ліга» — аматарскі турнір, і ў ім прымаюць удзел у асноўным непрафесійныя гульцы, то ўсё залежыць ад таго, ці змогуць смаргонскія баскетбалісты сабрацца разам, каб прыняць удзел. Я ўпэўнены, што баскетбол — гульня, якая аб’ядноўвае. Будзем спадзявацца, што мы яшчэ сябе пакажам, — падсумаваў Сяргей Дурэйка.