Што рабіць з лекамі, якія заляжаліся ў дамашняй аптэчцы і тэрмін прыдатнасці якіх выйшаў? Вядома, іх трэба выкінуць. Але як гэта зрабіць, каб не нашкодзіць прыродзе?
У жыхароў Вілейкі цяпер ёсць адказ на гэта пытанне: аднесці ў аптэку на вуліцы 1 Мая. Ад пачатку сакавіка тут стаіць спецыяльны кантэйнер для збору пратэрмінаваных лекаў.
Аддаць свінням, спаліць у печцы – чаго толькі не робяць з лекамі
Большасць віляйчан, што стаяць у чарзе ў аптэцы, прызнаюцца, што ніколі не задумваліся над тым, ці шкодзяць выкінутыя лекі прыродзе. Таму і выкідваюць іх у агульнае смецце.
– На жаль, шмат лекаў даводзіцца купляць, – кажа вілейчанка Людміла Доўнар. – Сваю аптэчку рэгулярна праглядаю і тое, што пратэрмінавалася, кідаю ў сметніцу. Цяпер буду ведаць, што можна сюды аднесці.
– У нашай сям’і лекаў амаль няма, – кажа віляйчанін Ігар Дубяга. – Сам не памятаю, калі апошні раз піў таблетку. Але ініцыятыва з кантэйнерам вельмі важная. Добра, што ў Вілейцы цяпер будзе такое месца.
Экалагічныя актывісты прызнаюцца, што ў іх практыцы лекі ў сметніцы – яшчэ не найгоршы варыянт. Бывае, што людзі спальваюць іх у печцы. Застаецца толькі здагадвацца, колькі шкодных рэчываў пры гэтым утвараецца і ўдыхаецца гаспадарамі дома. А бывае, што сапсаваныя лекі разам з сапсаванай ежай скормліваюць свінням.
Не дапамагаюць антыбіётыкі? Бо мы іх п’ем з вадой штодня
Пра тое, якую небяспеку нясуць за сабой неахайна выкінутыя лекі, тлумачыць Яўген Калач, заснавальнік Цэнтра экалагічнага і сацыяльнага развіцця ў Баранавічах.
Менавіта гэты цэнтр ініцыяваў кампанію “Прырода без фармацэўтычных адходаў”, якая займаецца ўстаноўкай адмысловых кантэйнераў у нашых гарадах. Яны ўжо з’явіліся ў Пінску, Мінску, Баранавічах, Іванава, а цяпер і ў Вілейцы.
– Па-першае, мы прывыкаем да антыбіётыкаў, нават калі ніколі ў жыцці іх не пілі, – кажа Яўген Калач. – Выкінутыя на сметнік антыбіётыкі трапляюць у грунтавыя воды, а адтуль – у пітную ваду. Таму нашы дзеці часам не ўспрымаюць антыбіётыкі, бо яны і так трапляюць у арганізм штодня.
Другі момант – пад уплывам гарманальных і іншых прэпаратаў, якія трапляюць у ваду, рыбы змяняюць пол і робяцца больш агрэсіўнымі. Разам з рыбамі хімічныя элементы па харчовым ланцужку трапляюць да чалавека.
Акрамя вады, лекі забруджваюць глебу, у якой мы пасля вырошчваем садавіну і гародніну. І ў выніку зноў аказваюцца ў нашых талерках.
«Давайце пакінем унукам планету, а не звалку»
Кантэйнер у Вілейцы з’явіўся дзякуючы намаганням мясцовых жыхарак – загадчыцы аптэкі Таццяны Гулецкай і актывісткі грамадскага аб’яднання «Жывое партнёрства» Ларысы Якавюк.
Гэта першы кантэйнер у Беларусі, які самастойна ўстанавіла камерцыйная ўстанова.
– Для мяне гэта было лагічным крокам, – кажа Таццяна Гулецкая. – У пакупнікоў узнікала пытанне, што рабіць з непатрэбнымі лекамі. Трэба было адказаць на гэты запыт. Таму разам з Ларысай мы пачалі шукаць адказ.
Жанчыны звярнуліся да арганізацыі Яўгена Калача і далучыліся да ініцыятывы.
Кантэйнер загадчыца аптэкі набывала за свой кошт, а вось абслугоўваць яго будуць за тыя сродкі, якія ахвяруюць беларусы на дзейнасць кампаніі “Прырода без фармацэўтычных адыходаў”.
Падтрымаць кампанію рублём можа любы ахвотны праз краўдфаўдынгавыя платформы ў інтэрнэце. Грошы патрэбныя на транспартаванне і аплату ўтылізацыі.
– Беларусы купляюць усё болей лекаў, – дзеліцца назіраннямі спадарыня Таццяна. – Насельніцтва старэе, працягласць жыцця расце. А чым болей лекаў купляюць, тым болей іх псуецца: нешта недапілі, нешта не падышло, нешта замянілі на іншы прэпарат. Дзеці ўсё больш хварэюць з-за экалагічных праблем. Лекаў у смецці ўсё болей. Таму трэба адказна ставіцца да прыроды і да жыцця, каб не пакінуць нашым унукам звалку замест планеты.
У афармленні месца для збору лекаў дапамагла Ларыса Якавюк. Зайшоўшы ў аптэку, на плакатах можна адразу пабачыць, якія лекі і як можна выкінуць у кантэйнер.
– Мы хочам, каб і звычайныя людзі, і кіраўніцтва на любым узроўні зразумелі праблему з утылізацыяй лекаў, – каментуе спадарыня Ларыса. – Цудоўна, калі на месцы ёсць энтузіясты, якія спрабуюць нешта рабіць сваімі сіламі. Але вырашыць праблему можна толькі падняўшы яе на дзяржаўным узроўні.
Што можна выкінуць у кантэйнер? Ампулы, таблеткі, мазі, свечы, аэразолі, каплі, суспензіі
Нельга выкідваць:
Вітаміны, раслінныя прэпараты, вадкія лекі ў шкляной тары, пальчаткі, шпрыцы, вату, прабіркі, усё, што мела кантакт з крывёй.
Куды дзенуцца лекі з кантэйнера?
Утылізацыяй таго, што назбіраецца ў вілейскім кантэйнеры, будзе займацца прадпрыемства “Экарэс”. Яно мае спецыяльныя печкі з вельмі высокай тэмпературай, дзе лекі спальваюць. Рэшткі, якія застаюцца на фільтрах, пахаваюць адмысловым спосабам, каб не трапіць у навакольнае асяроддзе.
«Прырода без фармацэўтычных адходаў» праводзіць маніторынг кантэйнераў, каб адсачыць, якія лекі і ў якім аб’ёме выкідаюць беларусы. Напрыклад, у адным з кантэйнераў за два месяцы сабралі больш за 100 літраў лекаў. Дадзеныя маніторынгу перадаюцца ў мінскі Цэнтр экалагічных рашэнняў, які па гэтай тэме супрацоўнічае з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
– Нават прыклад аднаго кантэйнера паказвае, наколькі высокае запатрабаванне ў вырашэнні гэтай праблемы, – кажа Яўген Калач.
Устаноўка кантэйнера ў Маладзечне пад пытаннем
«Прырода без фармацэўтычных адходаў» звязвалася з медустановамі Маладзечна, каб у іх устанавіць кантэйнеры. Але паколькі кампанія адносіцца да недзяржаўнай арганізацыі, то яна не можа бясплатна паставіць свой кантэйнер у дзяржаўнай установе, толькі на ўмовах арэнды.
– І тут пытанне не столькі ў цане, – гэта было б некалькі рублёў за пару квадратных метраў, – колькі ў складаных папяровых працэдурах, – кажа Яўген Калач. – Таму калі ў Маладзечне ці іншых гарадах ёсць прыватныя аптэкі ці медустановы, гатовыя далучыцца да нашай кампаніі і бясплатна паставіць кантэйнер у сябе, мы будзем толькі рады.
• Текст доступен на языке: Русский