На сайце Petitions.by збіраюць подпісы пад зваротам за ўвядзенне каранціну ва ўсіх навучальных установах Беларусі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. На момант публікацыі — за 14 гадзін — сабралі ўжо звыш 2200 подпісаў.
Зварот збіраюцца накіраваць у Міністэрствы адукацыі і здароўя праз два дні.
У петыцыі патрабуюць:
- перавесці ўсе навучальныя ўстановы на дыстанцыйную адукацыю да заканчэння неспрыяльнай эпідэміялягічнай сітуацыі ў Еўропе
- забараніць усе масавыя сходы ў навучальных установах
- абавязкова правяраць на COVID-19 усіх студэнтаў, якія прыяжджаюць з-за мяжы, а таксама іх аднагрупнікаў
- для студэнтаў, якія прыбылі з краін з успышкамі новага каранавірусу, рабіць абавязковы 14-дзённы каранцін;
- рэгулярна дэзінфікаваць інтэрнаты, дзе жывуць навучэнцы;
- забяспечыць інтэрнаты сродкамі гігіены і дэзінфэкцыі за кошт бюджэту;
- рабіць дадатковыя захады для абароны сталых, якія цяпер па-ранейшаму наведваюць месцы, дзе масава збіраюцца людзі -крамы, рынкі, паліклінікі і грамадзкі транспарт. Бо сталыя людзі – асабліва ўразлівыя да COVID-19.
Аўтар петыцыі адзначае, што падобныя захады ўжо прынялі ў суседніх Польшчы і Украіне, а таксама заўважае, што эпідэмію COVID-19 называюць непазбежнай — пытанне толькі ў маштабах.
«Менавіта забарона на наведванне месцаў масавага збору людзей выратавала Кітай ад катастрофы і краху эканомікі», — сцвярджаюць у петыцыі.
• Текст доступен на языке: Русский