У 2021 годзе будынак Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, што на вуліцы Талстога ў Маладзечне, плануюць здаць у эксплуатацыю.

Дах аднавілі. Плануюць, што будынак стане больш зручным для людзей з інваліднасцю, улічаць сучасныя патрабаванні да тэхнікі бяспекі, паведамляе сталічнае тэлебачанне.

Заказчыкам па капітальным рамонце будынка з’яўляецца Упраўленне капітальнага будаўніцтва Маладзечанскага раёна, расказалі карэспандэнту ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Маладзечанскага райвыканкама.

Чаму будынак цэнтральнай бібліятэкі не працуе ад 2014 года

Нагадаем, што ў 2014 годзе тут абвалілася частка столі. У нумары 22 ад 30 мая 2014 года мы пісалі, што здарэнне адбылося ў чатыры гадзіны раніцы 27 мая. Ніхто не пацярпеў.

У такі ранні час у бібліятэцы знаходзіўся толькі ахоўнік. Ён быў у іншым крыле будынка на першым паверсе.

Абрынулася апорная бэлька і перакрыцце на плошчы каля 150 квадратных метраў. На той час памяшканне ўжо не выкарыстоўвалася і чакала рамонту. А раней тут была чытальная зала.

Так выглядала адно з памяшканняў бібліятэкі ў маі 2014 года.

Ад гэтага часу і да сёння функцыі цэнтральнай бібліятэкі выконвае бібліятэка сямейнага чытання «Верасок», што на Вялікім Гасцінцы.

Крыху з гісторыі бібліятэкі

Будынак бібліятэкі на Талстога з’явіўся ў Маладзечне ў 1960 годзе. Як паведамляюць у Беларускім саюзе архітэктараў, гэта першы самастойна рэалізаваны праект беларускага архітэктара Вальмена Аладава. Бібліятэку пабудавалі без запланаванага аўтарам порціка – крытай галерэі з калонамі. Гэты элемент палічылі лішнім.

Мы звязаліся з Вальменам Мікалаевічам. Той вельмі здзівіўся, што будынак, які ён праектаваў, цяпер у такім стане. Кажа, не ведаў пра гэта.

А яшчэ архітэктар паабяцаў расказаць пра сваю працу над бібліятэкай у бліжэйшы час.

Будавалася бібліятэка як абласная, а адчынілася як гарадская, бо ў 1960 годзе Маладзечанскую вобласць ліквідавалі. У канцы 1960 года ўрачыста адчынілі будынак. 2 студзеня 1961 года тут сустрэлі першых чытачоў.

1959 год. Будаўніцтва бібліятэкі. Фота забяспечанае Уладзімірам Садоўскім.

Спачатку бібліятэка насіла імя Надзеі Крупскай. А ад 1992 года ёй прысвоілі імя Максіма Багдановіча.

Чытач: крыўдна, што такі будынак у цэнтры горада пустуе шосты год

Маладзечанец Алег Шчукін цяпер пенсіянер. У пачатку 1950-х ён прыехаў у Маладзечна з Грознага. Тут пазнаёміўся з Міколам Ермаловічам. А той захапіў яго беларускай літаратурай і культурай. Разам з Ермаловічам Шчукін працаваў у настаўніцкім інстытуце – выкладаў рускую літаратуру.

– У бібліятэку я запісаўся ці не адразу, як прыехаў у Маладзечна з Грознага пасля заканчэння філфака. Вабіла Беларусь, якая тады мела славу партызанскай краіны, – прыгадвае Алег Васільевіч.

Кажа, што адразу бібліятэка месцілася ў будынку каля аўтавакзала, называлася чыгуначная. І добра памятае, як будавалі новую. Прыгадвае прозвішчы супрацоўнікаў Грозная, Яновіч, Кашкан, Туркова, Вялікая, Шустарман, Ліпіхіна, Абраменка.

– У бібліятэку я хадзіў вельмі часта. А як жа іначай выкладчыку падрыхтавацца да лекцый.

Тым больш, тагачасныя студэнты, якія рыхтаваліся стаць настаўнікамі рускай і беларускай мовы і літаратуры, былі дапытлівыя, з вялікай прагай да ведаў. Шмат працаваў у чытальнай зале. Часта заходзіў і ў новы будынак. Новую бібліятэку пабудавалі недалёка ад гаркама партыі, дзе я працаваў у 1960-х, – працягвае суразмоўца.

Бібліятэка (злева) у 1963 годзе. Фота забяспечанае Уладзімірам Садоўскім.

Па словах Алега Васільевіча, бібліятэка іграла вялікую ролю ў жыцці маладзечанцаў. У новым будынку, што цяпер стаіць зачынены, было шмат месца.

Заўсёды была запатрабаваная канферэнц-зала, ладзіліся літаратурныя гасцёўні, запрашалі творцаў, праводзілі выставы карцін маладзечанскіх мастакоў.

У чытальную залу людзі ішлі, каб пагартаць газеты і часопісы, завочнікі рыхтаваліся да заняткаў. На абанеменце бралі кнігі. Былі папулярнымі беларускія пісьменнікі Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Янка Маўр, Міхась Лынькоў.

У колерах. Фота забяспечанае Уладзімірам Садоўскім.

Тут жа быў добры бібліяграфічны аддзел. Па ўспамінах Алега Васільевіча, бібліёграфам працавала Ала Гатоўская. Яна сур’ёзна займалася краязнаўчай працай. Вяла картатэку, куды заносіла звесткі пра маладзечанскіх паэтаў і іх творы.

– Вельмі крыўдна, што будынак у самым цэнтры Маладзечна, які адыгрываў такую вялізную ролю ў культурным жыцці горада, ужо некалькі гадоў не могуць адрамантаваць і адчыніць. Гэта бібліятэка гораду вельмі патрэбная, – падсумаваў паэт і педагог Алег Шчукін.