Суботнік у Борках у кастрычніку 2012 года. Алесь Раткевіч - у цэнтры. Фота з архіва РГ.

Перад юбілейнай датай, 25-годдзем «Рэгіянальнай газеты», хачу расказаць пра яе гістарычна-творчы шлях. Дакладна не памятаю, калі ўпершыню ўзяў у рукі газету. Але было гэта не менш за 20 гадоў таму.

Тады рэдакцыя мясцілася ў інтэрнацкім пакоі каля рынку на вуліцы Хмяльніцкага ў Маладзечне. Гэта быў час маёй актыўнай дэпутацкай дзейнасці. Вось тады ў пошуках падтрымкі я і звярнуў увагу на «Рэгіянальную газет».

Змест старонак на розныя тэмы гэтага выдання вабіў да больш блізкага знаёмства. Калі я наведаў рэдакцыю «РГ», мяне адразу з парога прыемна ўразіла сама атмасфера прыёму. Такой ветлівасці, увагі і павагі да наведніка я да таго часу ніколі не сустракаў.

Немагчыма было не заўважыць і арганізацыю самой працы. Я ўпершыню пабачыў, як людзі стваралі чарговы нумар газеты. Невялічкі пакойчык умяшчаў увесь рэдакцыйны калектыў. За шчыльна састаўленымі сталамі працавалі журналісты, карэктар, рэдактар. Без мітусні, спакойна і ўпэўнена кожны з іх выконваў свае функцыі. Прафесійнасць і па сённяшні дзень адчуваецца ў кожным нумары гэтай газеты.

Чаму ў 2004 годзе «Рэгіянальная газета» спыніла падпіску

Пасля знаёмства перыядычныя стасункі перайшлі ў супрацоўніцтва, а далей –сяброўскія адносіны, якія захаваліся па сённяшні дзень. Мы адзінай суполкай ідзём па жыцці, увасабляем агульныя праекты, дапамагаем адзін аднаму.

Шлях «Рэгіянальнай газеты» за чвэрць стагоддзя быў складаны. Ад самага пачатку заснавання, ад 1995 года, газета хутка пачала набіраць папулярнасць. Хоць не мела і цяпер не мае дзяржаўных датацый. Газета існуе толькі за кошт падпісчыкаў і рэкламадаўцаў.

На верасень 2004 года газета мела больш за 11 тысяч падпісчыкаў. Але ў гэтым жа годзе, 24 верасня, газета вымушаная была спыніць падпіску і вярнуць тым падпісчыкам грошы. Дзейнасць газеты прыпынілі на тры месяцы. Адпаведны загад падпісаў тагачасны міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч. 24 верасня датаваныя і два папярэджанні, вынесеныя Міністэрствам інфармацыі заснавальніку і рэдакцыі выдання. Іх абвінавачвалі ў парушэнні адразу некалькіх артыкулаў Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі.

Паводле загада міністра, рэдакцыя парушыла артыкул 9 Закона аб друку, выпусціўшы накладам 9100 асобнікаў незарэгістраваны дадатак – «Тэлетыдзень». Было яшчэ ўказана і на іншыя парушэнні.

Так Міністэрства пазбавіла праўдзівай інфармацыі 11000 чытачоў у самы разгар выбараў. Галоўны рэдактар і сузаснавальнік выдання Аляксандр Манцэвіч тады разумеў, што трохмесячнае прыпыненне газеты – тое самае, што яе поўнае закрыццё.

Як вярталі жыццё газеце

І галоўны рэдактар усё ж паспрабаваў вярнуць жыццё газеце. Да яго далучылася і грамадства, сабралі подпісы. І агульныя намаганні былі недарэмныя. Праз два тыдні адносна загада па «Рэгіянальнай газеце» Міністэрства інфармацыі адмяніла ўсе свае ранейшыя пастановы. Газета распачала рэанімацыю сваёй дзейнасці. Праз пэўны час дасягнулі толькі шасцітысячнага тыражу. Вось так, на ўздыме творчай дзейнасці, недзяржаўнае беларускае выданне ледзь не спыніла існаванне. Толькі тыя страты, матэрыяльныя і маральныя, газеце ніхто не кампенсаваў. Нават не папрасілі прабачэння.

Пасля ўсіх тых момантаў газета не страціла сваёй пазіцыі. Яе публікацыі заўжды ўтрымліваюць аб’ектыўную інфармацыю. Праз газету і пры яе падтрымцы вырашаюцца шматлікія жыццёва важныя пытанні грамадзян і арганізацый рэгіёна.

«Рэгіянальная газета» не пакідае без увагі вострыя, крытычныя звароты грамадзян Мела вялікі рэзананс публікацыя «Варварская высечка лесу». Пасля чаго правапарушэнні адносна мемарыяла «Боркі» прыпынілі. А таксама нядаўняя серыя публікацый у абарону грамадзянскіх правоў, звязаная з закрыццём АЗС у Ільі.

«РГ» падтрымала адраджэнне мемарыяла ў Борках

А колькі за чвэрць стагоддзя газета падтрымала грамадскіх ініцыятыў па адраджэнні нацыянальнай культуры і гістарычнай спадчыны ў нашым рэгіёне. Сумеснымі намаганнямі з «Рэгіянальнай газетай» мы адрадзілі мемарыял па загінулых у 1943 годзе жыхарах вёскі Боркі. З сотні загінулых у жывых засталася толькі адзіная 12-гадовая Фаіна Кучко. Сёлета 26 лютага на 89-м годзе жыцця Фаіна Сяргееўна памерла.

Суботнік у Борках у кастрычніку 2012 года. Алесь Раткевіч – у цэнтры. Фота з архіва РГ.

У 2010 годзе ў рэдакцыю ад вілейскай грамадскасці паступіла прапанова па адраджэнні мемарыяла. Рэдактар падтрымаў ідэю. Рэдакцыя ўзяла на сябе інфармацыйныя абавязкі па абнародаванні і закліках у дапамозе. Знайшліся добраахвотнікі. У тым жа годзе ў Борках арганізавалі нядзельнік з удзелам мясцовых жыхароў, работнікаў Хаценчыцкага сельвыканкама, Ільянскага лясніцтва і школы, краязнаўцаў і калектыву газеты. Арганізацыі дапамаглі з будматэрыяламі, а добраахвотнікі разам з рэдакцыяй працягвалі ажыццяўляць праект. 13 лістапада 2012 года мемарыял адкрылі.

Сёння выданню не проста выжываць. Але як бы там ні было, я зычу «Рэгіянальнай газеце» поспехаў ва ўсіх справах. Прафесіяналізму, натхнення і аптымізму вам не пазычаць. А мае словы падмацоўваюцца вашымі перамогамі ў розных конкурсах журналістыкі, у грамадскай дзейнасці. Так трымаць!