Ад канца мінулага года ў прэсе абмяркоўваюць тэму інтэграцыі Беларусі і Расіі. Мы спыталі, што на гэту тэму думаюць жыхары рэгіёна і эксперт.

Ларыса Сапач, настаўніца: будзе руская мова, рускі чыноўнік і бізнесовец

Спадарыня Ларыса працуе ў адной са школ Маладзечаншчыны. Яе адказ пра магчымасць інтэграцыі з Расіяй – адмоўны.

– Страцім спачатку свае грошы, а пасля мову, гісторыю і культуру. Будзе ў нас вялікадзяржаўная руская мова, рускі чыноўнік і рускі бізнесовец. Калі гаварыць па шчырасці, нас ужо паглынаюць.

У Соўлаве вялікі свінакомплекс, якім валодаюць расіяне. Палі вакол вёсак моцна заліваюць гноем. Нікому няма справы да людзей, якім такое суседства шкодзіць.

Чужынец – ён і ёсць чужынец. Улада расійская пра нас не будзе клапаціцца. А гісторыя паказала, які ён ёсць, расійскі брат.

Юры Рогач, работнік сельскай гаспадаркі: без Расіі – нам ніяк

Юры жыве на Вілейшчыне, працуе на сельскагаспадарчым прадпрыемстве

У яго іншая думка. Мужчына лічыць, што без Расіі нам не пражыць.

– Беларуская эканоміка не зможа існаваць без расійскіх ільгот, без таннай нафты і газу. А Еўропе мы не патрэбныя. Тут трэба абіраць: ці незалежнасць, ці свая развітая эканоміка. Другога ў нас няма. Значыць, трэба ахвяраваць першым, – перакананы вясковец.

Сяргей Гапон, фатограф: хопіць гуляць у заіржавелыя расійскія «Жыгулі»

У фатографа з Крэва Сяргей Гапона думка пра інтэграцыю Беларусі і Расіі наступная:

– У пясочніцы з Расіяй мы не першы год. Аднак разам з намі тут і іншыя дзеці. І варта агледзецца па баках. Не трэба адмаўляцца ад тых цацак, якія ёсць у іх. Так, гэтыя машынкі шмат у чым новыя і складаныя для нас. Але варта паспрабаваць сесці за руль і навучыцца кіраваць імі, збочыць на іншую дарогу. Хай сабе першы час побач з намі будуць інструктары, гэта нармальна. Асабіста для мяне – факт, што гуляць у заіржавелыя расійскія «Жыгулі» дастаткова. Я ўласнымі вачыма бачыў, куды на іх прыехалі жыхары Луганскай і Данецкай абласцей. Дзякуй, не.

Аляксей Буркевіч, прадпрымальнік: з Беласточчынай – так, з Расіяй – не

Ураджэнец Вілейшчыны Аляксей Буркевіч цяпер жыве ў Мінску. Займаецца прадпрымальніцтвам.

– Я супраць. Калі б спыталіся, ці хачу я аб’яднацца са Смаленшчынай, Беласточчынай, Віленшчынай, то я адказаў бы «Канешне, хачу!». А ці хачу я, каб маю краіну паглынула Расія? Адназначна – не!

Аляксей Лукашэвіч, менеджар: я – за добрасуседскія адносіны

Аляксей Лукашэвіч – ураджэнец Ашмянаў. Але ўжо некалькі год хлопец жыве ў Маскве. Тут згуртаваў суполку беларусаў.

– На працы, у маім асяроддзі неяк асабліва не падымаюць тэму інтэграцыі. Маё меркаванне – я за добрасуседскія адносіны і супраць інтэграцыі. Дарэчы, мае калегі – а яны ўсе расіяне – таксама за добрасуседства. Кажуць, трэба свае, унутраныя праблемы вырашаць, а не аб’ядноўвацца, – расказаў Аляксей.

Эксперт: Інтэграцыя з Расіяй патрэбная. Эканамічная

А што думае пра інтэграцыю Беларусі і Расіі эксперт-эканаміст Яраслаў Раманчук?

– Сёння, калі доля экспарту тавару ў Расію – 42%, а доля імпарту – 57%, калі мы бяром амаль сто працэнтаў энергарэсурсаў і крэдытаванне, без Расіі немагчыма. Гэта відавочна.

Любыя спробы зрабіць для Беларусі на расійскім рынку больш жорсткія ўмовы яшчэ мацней удараць па нашай эканоміцы. Беларусь не павінна ставіць пытанне пра ізаляцыю. У незалежнай краіны павінна быць моцная эканоміка, інтэграваная і поўнач, і на поўдзень, і на захад, і на ўсход. Эканамічная інтэграцыя з Расіяй павінна быць, – перакананы эксперт.