Жыхарка Ашмянскага раёна восенню 2019 года вырашыла знайсці падпрацоўку ў Інтэрнэце, пра што размясціла аб’яву. З ёй звязаўся «працадаўца» і прапанаваў зарэгістравацца ў анлайн-казіно, жанчына пагадзілася. Каб увайсці ў давер да пацярпелай, ёй абяцалі ўсялякую дапамогу, на створаны для яе рахунак пералічылі грашовыя сродкі ў суме 500 долараў ЗША, пасля чаго перыядычна паведамлялі выйгрышныя камбінацыі.
Калі сума на рахунку жанчыны склала 6 тысяч долараў, ёй прапанавалі іх абнаявіць. Для вываду грошай неабходна было аплаціць саму паслугу іх зняцця, пасля чаго выплаціць 13% падатак.
Жанчына, нічога не падазраючы, пагадзілася. У кастрычніку 2019 года на рахунак махляра яна пералічыла больш за 2,7 тысячы рублёў. Не атрымаўшы «выйгрышу», яна звярнулася ў праваахоўныя органы.
Цяпер расследаванне крымінальнай справы працягваецца, праводзяцца неабходныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні, каб знайсці асобу, якая ўчыніла супрацьпраўныя дзеянні.