Фота sales-generator.ru.

У Беларусі вырас попыт на тавары працяглага захоўвання, у тым ліку на сацыяльна значныя, бакалею і імпарт. Пра гэта гаворыцца ў лісце МАРГ, які  даслалі на абл- і Мінгарвыканкамы, Асацыяцыю рознічных сетак, Белкаапсаюз і некаторыя арганізацыі. Улады рэкамендуюць гандлю адмяніць усе мерапрыемствы, якія стымулююць продаж гэтых тавараў, піша tut.by.

Устрымацца ад рэкламных акцый па прасоўванні тавараў па спісе прапануецца з-за павелічэння ад 14 сакавіка пакупніцкага попыту на тавары працяглага захоўвання. Раней МАРГ распрацаваў рэкамендацыі па забеспячэнні захавання нацыянальнай харчовай бяспекі і прапанаваў гандлю да іх прыслухацца.

Рэкамендацыі накіравалі ў Мінсельгасхарч, Мінбудархітэктуру, Мінпрам, канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Беллеспаперапрам», «Белнафтахім», абл- і Мінгарвыканкам, Белкаапсаюз, Асацыяцыю рознічных сетак.

Сярод тавараў, па якіх ведамства рэкамендуе спыніць праводзіць мерапрыемствы па стымуляванні продажаў, – макарона, крупы (асобна акцэнт робіцца на аўсянцы і ячных крупах), рыбныя, мясныя і малочныя кансервы, алей, гаспадарчае і туалетное мыла, запалкі, туалетная папера, чай, кава, санітарна-гігіенічныя сродкі (пракладкі, падгузнікі).

Рэкамендацыя МАРГ таксама тычыцца сацыяльна значных тавараў, цэны на якія ўлады могуць рэгуляваць да 90 дзён на працягу аднаго года. Гэта ў ліку іншага свежая рыба, масла і сланечнікавы алей, пшанічная мука, соль, курыныя яйкі, сыр, малако, кефір, свежыя яблыкі, дзіцячае харчаванне (сухія сумесі, кашы, кансервы).

Тым часам барацьба з каранавірусам прымусіла беларусаў усё больш актыўна закупляцца харчаваннем анлайн. Як распавёў TUT.BY дырэктар па маркетынгу «Е-дастаўкі» Яўген Шашкевіч, колькасць замоў у онлайн-гіпермаркетах у апошнія дні вырасла ў 3 разы.

• Текст доступен на языке: Русский