Фота Андрэя РАГІНСКАГА.

«Маладзечанская газета» паведаміла, што стварылі федэрацыю футбола Маладзечанскага раёна. Рашэнне прынялі на сходзе «пры актыўным удзеле вядомых у спартыўных колах людзей, трэнераў, балельшчыкаў і ветэранаў футбола Маладзечаншчыны».

Начальнік аддзела спорту і турызму раённага выканаўчага камітэта Раман Кузняцоў адзначыў, што стварэнне гэтай грамадскай арганізацыі наспела даўно.

— Футбольныя традыцыі ў нашым раёне маюць даўнюю і багатую гісторыю. І галоўная каманда Маладзечаншчыны, і дружына з Чысці паспяхова выступаюць на рэспубліканскіх чэмпіянатах. Ёсць дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, дзе вопытныя трэнеры працуюць з падрастаючым пакаленнем. Хлопцы ўдзельнічаюць у розных турнірах і таксама дамагаюцца поспеху. Стварэнне раённай федэрацыі футбола дасць магчымасць не толькі выбудаваць сістэмную работу ў гэтай сферы, але і ўзняць на больш высокі ўзровень цікавасць да самай папулярнай у свеце гульні сярод моладзі і школьнікаў, больш актыўна выяўляць юныя таленты, выхоўваць з іх будучых спартсменаў.

Удзельнікі сходу прынялі і зацвердзілі статут грамадскага аб’яднання, абралі  Праўленне ў колькасці 9 чалавек. У яго склад увайшлі Уладзімір Галубко, Вольга Ціхановіч, Віталь Казяк, Аляксандр Вашкевіч, Рыгор Кароль, Зміцер Ротміраў, Мікалай Мятліцкі, Ігар Крук, Аляксандр Гармаза. Старшынёй Праўлення абралі Уладзіміра Галубко, намеснікам старшыні — Вольгу Ціхановіч.

Па інфармацыі афіцыйнай суполкі ФК «Маладзечна», у новым сезоне галоўным трэнерам каманды стане Сяргей Дараховіч. Дырэктарам клуба будзе Уладзімір Галубко, а адміністратарам — Віталь Пачкоўскі.