На леташнім кулінарным майстар-класе падчас Тыдняў Германіі ў Маладзечне. А сёлета нічога не будзе праз каранвірус. Хоць планавалі шмат. Фота аўтара.

Традыцыйныя тыдні Германіі ў Беларусі пачаліся 10 сакавіка. Ад 23 сакавіка мерапрыемствы планаваліся ў Маладзечне. Аднак з-за пандэміі каранавіруса ўсе актыўнасці тыдняў у Маладзечне, як і па ўсёй Беларусі, адмянілі.

Ад 18 сакавіка на каранцін пайшоў Мінскі інстытут Гётэ – адзін з асноўных арганізатараў тыдняў у Беларусі. Пра гэта карэспандэнту паведамілі ў зале замежнай літаратуры Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Багдановіча.

А цяпер коратка пра тое, якіх мерапрыемстваў пазбавіў каранавірус маладзечанскіх аматараў Германіі, нямецкай мовы і культуры.

23 сакавіка ў аддзеле замежнай літаратуры Цэнтральнай раённай бібліятэкі планавалі імпрэзу Beethoven Pastoral Project, прысвечаную адкрыццю тыдняў Германіі ў Маладзечне і 250-годдзю нямецкага кампазітара Людвіга ван Бетховена (1770 – 1827).

Быў запланаваны таксама экалагічны майстар-клас «Раздзел смецця» для падлеткаў і Вялікдзень па-нямецку для старшакласнікаў маладзечанскіх школ.

Меркавалася, што на свяце будзе велікоднае дрэва, пірог, зайцы, кураняты, а таксама цікавыя велікодныя гульні.

Гульнявую тэму планавалі працягнуць падчас гульнятэкі для ўсіх ахвотных – Spielend Deutschland entdecken – «Адкрыйце Германію». Рыхтавалі пляцоўкі з настольнымі гульнямі на нямецкай мове на краіназнаўчыя, эканамічныя і навучальныя тэмы.

Для настаўнікаў і выкладчыкаў нямецкай мовы быў запланаваны семінар з экспертам Анцье Зомерфельд – лектарам германскай службы акадэмічных абменаў, старшым выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Свае інтэлектуальныя здольнасці ўдзельнікі маглі б паказаць на спаборніцтвах пра падарожжы Travel Slam і паб-квізе «Мазгабойня».

А завяршылі б тыдні традыцыйныя кінапрагляды. Пасольства Германіі ў Мінску сумесна з Інстытутам імя Гётэ і Цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча збіраліся прэзентаваць на працягу двух вечароў нямецкія мастацкія фільмы на нямецкай мове з рускімі субтытрамі.

Падчас закрыцця тыдняў, 22 красавіка, планавалі выставу дзіцячых малюнкаў.

Нагадаем, што тыдні Германіі ў Беларусі сёлета меліся адбыцца ў 17 раз. Не першы год мерапрыемствы ладзілі ў Маладзечне.

Сёлета першы раз тыдні запланавалі не на восень, як звычайна, а на вясну. І вось, з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі, мусілі ўсё адмяніць.

Аднак, спадзяёмся, каранавірус не вечны, і Маладзечна яшчэ не раз зможа парадаваць карыснымі нямецкімі імпрэзамі аматараў Германіі.

• Текст доступен на языке: Русский