18 сакавіка ў Віцебску памерла 58-гадовая жанчына. Яе шпіталізавалі з запаленнем лёгкіх, піша Наша Ніва.
Гэтую інфармацыю каналу «Harbatsevich» пацвердзілі віцебскія медыкі.
Сваякі кажуць, што жанчыне зрабілі і тэст на каранавірус — ён быў станоўчы.
Але афіцыйнай прычынай смерці ў пасведчанні пазначаны не каранавірус.
«Яна нікуды не ездзіла, яна звычайная пенсіянерка. Была дома, хадзіла ў краму, усё як звычайна, — распавяла «Нашай Ніве» нявестка памерлай. — Некалькі дзён таму ёй стала кепска. Пару разоў выклікалі і доктара дадому, і хуткую дапамогу. Але толькі праз пяць ці шэсць дзён яе шпіталізавалі ўжо з пнеўманіяй», — распавяла суразмоўца.
— Пазней нам сказалі, што аналізы паказалі наяўнасць каранавіруса: ці яго выявілі пры паступленні хворай ў бальніцу, ці пасля ўскрыцця, дакладна я не ведаю».
Тэсты загадалі здаць і сваякам памерлай. Цяпер яны ў хатнім каранціне, чакаюць вынікаў. Кажуць, прыкметаў захворвання ў іх пакуль няма.
«У яе былі і спадарожныя праблемы са здароўем: высокі ціск, цукроўка. Афіцыйнай прычынай смерці, канечне, напісалі не каранавірус. Але вось такі факт», — кажа нявестка.
20 сакавіка жанчыну пахавалі.
Нявестка кажа, што памерлую хавалі ў закрытай труне, апрацаванай сродкамі дэзыінфекцыі. Пахаванне было закрытым, прысутнічалі толькі блізкія члены сям’і.
Падчас падрыхтоўкі публікацыі мы неаднаразова тэлефанавалі ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя, але ніхто не здымаў трубку.
«Дыягназаў у яе шмат, але гэтага [каранавіруса] няма», — адказала «Нашай Ніве» пасля публікацыі прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
• Текст доступен на языке: Русский