Пешаходная вуліца ў Юрмале. Фота poznamka.ru.

Па стане на 17 сакавіка ў Латвіі было 60 хворых на каранавірус. Краіна закрыла межы, увяла рэжым надзвычайнай сітуацыі, прыпыніла міжнародны пасажырскі транспарт. Больш падрабязна пра тое, што адбываецца ў адной з суседніх краін, нам расказала чытачка Галіна.

Спадарыня Галіна – родам з Вілейшчыны. Ужо шмат гадоў жанчына жыве ў Юрмале.

– Панікі ў нас у горадзе няма. Вуліцы не пустыя. Праўда, некаторыя людзі ходзяць у медыцынскіх масках, – кажа суразмоўца з Юрмалы.

Па словах спадарыні Галіны, урокі ў школах краіны адмянілі ад 13 сакавіка. Меркавана, каранцін закончыцца 14 красавіка. Школьнікаў перавялі на дыстанцыйнае навучанне. Дзякуй, што ёсць інтэрнэт, адзначае суразмоўца.

Не працуюць і ВНУ у Латвіі. Садкі працуюць, але ва ўмовах каранціну. Ходзяць толькі тыя дашкольнікі, якія хадзілі раней. Іншых дзяцей пакуль не прымаюць.

З аэрапорта ў Юрмале адмянілі рэйсы ў некаторыя краіны, у тым ліку ў Польшчу, Італію, Турцыю. Таксама ўвялі забарону на мерапрыемствы, дзе збіраецца больш за 50 чалавек. Адмянілі набажэнствы.

Па словах спадарыні Галіны, гэта пакуль усе захады кіраўніцтва ва ўмовах пандэміі. У Юрмале працуюць рынкі, кавярні, крамы, ходзіць гарадскі транспарт. Жывём амаль у звычайным рэжыме, падсумавала жанчына.

Нагадаем, што ў сувязі з каранавірусам усе краіны-суседкі Беларусі закрылі межы.

• Текст доступен на языке: Русский