Жыхару Астраўца здалося, што гарыць бальніца. Ён патэлефанаваў на 101

Нядаўна жыхар Астраўца патэлефанаваў у службу 101 і паведаміў, што гарыць новая бальніца.

На выклік выехалі выратавальнікі, міліцыя, аварыйныя брыгады газавай службы і электрасетак. Акрамя таго, улічваючы важнасць аб’екта, на тушэнне пажару ў Астравец прыбылі пажарныя разлікі са Смаргонскага раёна.

Правёўшы абследаванне будынка новай бальніцы, выратавальнікі не выявілі ўзгаранне.

Тады сталі шукаць таго, хто тэлефанаваў. Ім аказаўся пажылы мужчына, які пражывае непадалёк ад старога будынка бальніцы. Высветлілася, што ён быў п’яны і яму здалося, быццам іскрыць электрашчыток медустановы.

Астраўчанін праявіў пільнасць (як аказалася пазней, залішнюю) — і патэлефанаваў на 101, паведаміўшы аб пажары.

Справа перадалі ў суд. Мужчыну пашанцавала — яго дзеянні не прызналі наўмыснымі.