Прэзентацыя праекта прайшла сёння ў цэнтралізаванай клубнай сістэме.

З боку Маладзечанскага райвыканкама праект прадставіў намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Андрэй Шаўцоў. Ён паведаміў, што паводле генплана месца мяркуемага гандлёвага цэнтра адводзілі пад аб’екты грамадскага значэння. Таварыства «Віталюр» прапанавала размясціць тут гандлёвы цэнтр.

Цяпер на месцы магчымага ў будучым гандлёвага цэнтра аўтадром. Будынак па адрасе Касманаўтаў, 8Б паставяць фасадам да вуліцы Касманаўтаў, за пляцоўкай застаецца гаражны кааператыў.

Як далучыцца да абмеркавання

Грамадскае абмеркаванне стартавала 21 сакавіка, яно прадоўжыцца да 14 красавіка. Прачытаць тлумачальную запіску можна на сайце Маладзечанскага райвыканкама. Прэзентацыйны стэнд будзе размешчаны ў фае клубнай сістэмы па вуліцы Лібава-Роменская, 71 да 4 красавіка ад 8 да 20 гадзін па рабочых днях.

Дасылаць заўвагі і прапановы можна да 14 красавіка ў райвыканкам па адрасе 222310, Віленская, 6. Тэлефон (8-0176) 77-16-63, факс 77-15-71. Е-mail: molrik@molodechno.minsk-region.by.

Пасля 14 красавіка горадабудаўнічы савет падвядзе вынікі грамадскага абмеркавання і разгледзіць заўвагі і прапановы.

2,8 мільёнаў рублёў інвестыцый

«Віталюр» заказаў праект у таварыства «ТамерланБудПраект». Прадстаўнікі арганізацыі распавялі падрабязней пра будучы аб’ект.

Праект стандартны, падобныя гандлёвыя аб’екты пабудавалі ў некалькіх іншых гарадах, нядаўна адкрылі цэнтр у Барысаве.

У будынку будзе плошча для арандатараў, вялікая гандлёвая зала і тэхналагічны аддзел. На стаянку будзе заезд з поўначы і поўдня. Паводле тлумачальнай запіскі, плануюць размясціць 86 машына-месцаў, з іх чатыры для кіроўцаў з інваліднасцю. Вакол паркоўкі зробяць добраўпарадкаванне і азеляненне.

Агульная плошча будынка 1688 квадратаў, з яе гандлёвая плошча складае 932 квадраты. Аддзелка будынка будзе з вандаластойкіх металакасет. Плануюць адзін вялікі ўваход і тры ўваходы ў гандлёвую залю, два ў тэхналагічную зону.

Тэарэтычна нарматывы ў праекце вытрыманыя. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва складае 11 месяцаў, але аналагічны аб’ект у Барысаве паставілі за 7,5 месяцаў. Дакладны кошт аб’екта не разлічвалі. Вядома, што барысаўскі выйшаў у 2,8 мільёны рублёў. Такім чынам плануюць, што Маладзечанскі раён атрымае не менш за 2,8 мільёны інвестыцый.

96 працоўных месцаў

Назва будучага гандлёвага цэнтра пакуль не зацверджаная. Магчыма, яго назавуць «Віталюр».

Вялікая гандлёвая зала разлічаная ў асноўным на продаж самых розных прадуктаў, знойдзецца месца і для тавараў для дома. На пляцоўцы перад гандлёвай заляй будзе шэраг арандатараў, напрыклад, аптэка, зоамагазін, кавярня, мабільныя аксэсуары. Уладкуюць банкаматы.

Без уліку арандатараў у цэнтры з’явіцца 96 працоўных месцаў.

Цэнтр будзе працаваць ад 9 да 23 без выхадных.

Чытайце яшчэ: У Маладзечне прэзентавалі новы гандлёвы цэнтр на Касманаўтаў (Фота)

• Текст доступен на языке: Русский