Фота Настассі УТКІНАЙ.

У Беларусі зафіксаваны 81 выпадак каранавіруса. Галоўныя ачагі — Мінск (больш за 40), Віцебск (каля 30). Апроч таго, ёсць адзін хворы чалавек у Гродне, адзін у Гомелі.

Цяпер стала вядома пра яшчэ выпадак захворвання на каранавірус. 58-гадовая жыхарка Жыткавічаў знаходзіцца ў стабільна цяжкім стане ў гомельскай рэанімацыі. Дыягназ — двухбаковая пнеўманія.

Ні жанчына, ні яе асяроддзе не выязджалі за мяжу.

Tut.by піша, што ў жанчыны яшчэ тыдзень таму паднялася тэмпература, пачаўся сухі кашаль. У раённай паліклініцы ёй паставілі дыягназ «вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя» і выпісалі антыбіётыкі. Плёну гэта не давала, і ў суботу жанчына пайшла ў жыткавіцкую паліклініку да тэрапеўта.

Пасля кансультацыі выйшла з кабінета і страціла прытомнасць. Толькі тады ў яе дыягнаставалі двухбаковую пнеўманію. Тады ж зрабілі тэст на каранавірус — і атрымалі станоўчы вынік.

На прадпрыемстве, дзе працавала жанчына, ужо тры дні праводзіцца санітарная апрацоўка, дактары правяраюць тэмпэратуру ў супрацоўнікаў.

Шпіталізаваныя на каранцін 42 чалавекі, у тым ліку і жыткавіцкія медыкі. У Міністэрстве аховы здароўя другі выпадак заражэння каранавірусам на Гомельшчыне пацвердзілі.

• Текст доступен на языке: Русский