Арганізацыя з Ашмянаў перавяла махлярам 40 тысяч еўра

Махляры падрабілі электронную пошту і выманілі ў арганізацыі з Ашмянаў больш за 40 тысяч еўра. Пра гэта паведамляе Следчы камітэт на афіцыйным сайце.

У студзені 2020 года махляры ўзламалі электронную пошту адной з арганізацый Ашмянскага раёна, а потым падрабілі гэтую электронку — назва адрознівалася ад рэальнай нязначна.

Беларуская кампанія не сумневалася ў сапраўднасці пошты, таму зрабіла перадаплату за тавар 40 тысяч еўра.

Для пацверджання плацяжу прадстаўнік арганізацыі звязалася з замежнай фірмай, даведалася, што падобны плацёж ім не паступаў і што высланыя ў адрас плацельшчыка рэквізіты рахунку ім не належаць.

Ашмянскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, зроблены з карыслівай зацікаўленасці).