25 сакавіка ў Беларусі будзе 102 гады з дня стварэння БНР. «Рэгіянальная газета» распавядае, у якіх знешнепалітычных умовах стваралі Беларускую Народную Рэспубліку і чаму ў 1918-м яе не прызналі ў свеце.

Народ стаміўся, народ хоча міру

У кастрычніку 1917 года да ўлады ў Расійскай рэспубліцы прыходзяць бальшавікі. Часовы Урад, які зрабіў з імперыі рэспубліку ўсяго некалькі месяцаў таму, ліквідавалі. У кастрычніку 1917-га лозунгі, з якімі прыйшлі Саветы, становяцца не простымі патрабаваннямі. Адным з галоўных становіцца «Мір народам!».

У гэты час Расія ўдзельнічала ў вайне ўжо тры гады. Настроі ў войску былі антымілітарысцкімі. Беларуская зямля была ўся ў акопах, на ёй вяліся баявыя дзеянні і спыняцца ніхто не меў намеру. Мінімальныя поспехі расійскай арміі, кшталту Брусілаўскага прарыву ў 1916, суправаджаліся пад’ёмам баявога духу. Аднак ужо ў 1917 годзе жаданне ваяваць змянілася жаданнем як мага хутчэй завяршыць вайну.

Часовы Урад не прапанаваў рашэнне, а Саветы адразу пачалі дзейнічаць. Нарком па замежных справах Леў Троцкі прапанаваў краінам Антанты заключыць мірнае пагадненне. Антанта маўчала. А Германская імперыя наадварот зрэагавала: мірныя перамовы пачаліся ў лістападзе 1917 года.

Расія прапаноўвае мірны дагавор без анексіі і кантрыбуцый. Германія кажа, што пагодзіцца на такі дагавор, калі краіны Антанты таксама пачнуць перамовы. Антанта ніяк не рэагуе, таму немцы на сваіх умовах дыктуюць будучы мір. Частка германскіх галоўнакамандуючых выступіла за жорсткія ўмовы для Расіі. Расійскі бок адправіўся раіцца з Леніным. Асноўная частка перамоў адбылася ў 1918 годзе. І тады з’явілася новае пытанне – самавызначэнне нацый.

Беларусь – частка Расіі і не можа быць незалежнай

Бальшавікі лічылі Беларусь неад’емнай часткай будучай сацыялістычнай дзяржавы. Ленін лічыў РСФСР пераемніцай Расійскай імперыі. Усе тэрыторыі і народы могуць быць аўтаномнымі, але толькі ў складзе савецкай краіны. Таму ў брэсцкіх перамовах Расія адштурхоўвалася ад гэтага пункта гледжання.

Усё змянілася пасля Украіны. У снежні ў 1917-га Украінскую Народную Рэспубліку прызналі Саветы, а на брэсцкіх перамовах з ёй лічылася нават Германія з Аўстра-Венгрыяй. Будучае кіраўніцтва БНР глядзела на прыклад Украіны. Аднак пагадненне з Германіяй наконт завяршэння Першай сусветнай вайны будзе праходзіць без улічвання інтарэсаў былога Паўночна-Заходняга краю.

Лёс Беларусі абмяркоўвалі без яе прадстаўнікоў: дэлегацыю не дапусцілі да ўдзелу ў мірнай канферэнцыі. Германія патрабавала ад Расіі тэрыторыю плошчай 150 тысяч км2. Такім чынам, значная частка Беларусі апынулася б ва ўладанні нямецкай дзяржавы, а другая – у руках бальшавікоў.

Троцкі адправіўся абмяркоўваць гэтыя ўмовы ў Санкт-Пецярбург. У гэты ж час на тэрыторыі Украіны пачалося паўстанне бальшавікоў. Мірныя перамовы бакі працягнулі ў напружаных умовах. Германія і Расія спекулявалі спрэчнымі тэрыторыямі – Украінай, Беларуссю, балтыйскімі краінамі, – каб выбіць больш выгадныя ўмовы для сябе.

Пытанне пра самавызначэнне нацый было не такім важным, як падавалася на першы погляд. Ні Германіі, ні Савецкай Расіі незалежнасць гэтых тэрыторый не была патрэбная ў 1918 годзе.

«Хай жыве Незалежная Беларусь!»

На фоне перамоў паміж Расіяй і Германіяй у Беларусі адбываліся значныя палітычныя падзеі. Беларускія палітычныя дзеячы зразумелі, што Саветы не дадуць незалежнасць, а Германія пастаянна ўвільвала ад гэтага пытання.

19 лютага Ленін накіраваў Германіі тэлеграму – ён пагадзіўся з умовамі міру. У гэты час германскія войскі занялі практычна ўсю тэрыторыю Беларусі. Савецкае кіраўніцтва ў Беларусі эвакуіравалі, а Рада БНР абвясціла, што ўзяла ўладу ў свае рукі.

21 лютага Рада БНР публікуе Першую Устаўную грамату, дзе паўтараюцца словы аб узяцці ўлады. Пра незалежнасць ці аўтаномію ў ёй нічога не кажуць.

Трэцяга лютага Расія і Германія падпісваюць Брэсцкі мір. У адказ на мірнае пагадненне 9 сакавіка прайшло пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады БНР. На ім прынялі Другую Устаўную грамату, у якой прапісвалася, што ў этнічных межах беларускага народа ствараецца Беларуская Народная Рэспубліка.

Устаўную грамату юрыдычна не змагла прызнаць Германія, якая ратыфікавала Брэсцкі мір. Акрамя знешняй палітыкі на БНР уплывалі супрацьстаянні ў самой Радзе. Склад Рады БНР быў неаднародным, там былі прадстаўнікі розных палітычных партый і плыняў. Усе, безумоўна, не прызнавалі Кастрычніцкую рэвалюцыю, але не ўсе пагаджаліся жыць асобнай краінай ад Расіі.

На пасяджэнні ноччу з 24 на 25 сакавіка Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату. У ёй абвясцілі, што Беларусь становіцца незалежнай краінай. Будучы кіраўнік БНР у выгнанні Вінцэнт Жук-Грышкевіч у той час вучыўся ў будслаўскай школе і ўспамінае, што настаўнікі з натхненнем успрынялі навіну аб стварэнні беларускай дзяржавы:

– Наш дырэктар Васілевіч, узрушаны і вясёлы хадзіў па ўсіх класах і дзяліўся з вучнямі гэтай радаснай навіной. «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла незалежнасць Беларусі, наш край будзе вольным і незалежным, як калісь даўней. Будзе мець свой урад, войска, ураднікаў, скарб і школы. Цяпер беларусы самі будуць гаспадарамі ў сваёй зямлі і не будзе ўжо нас трывожыць і страшыць чужое войска і паліцыя», – тлумачыў ён. Вучні слухалі гэтыя словы з вялікім зацікаўленнем і ўвагай, хоць многія яшчэ і не разумелі ўсей важнасці гэтай гістарычнай падзеі ў жыцці Беларусі.

Аднак не ўсе былі натхнёнымі. З-за выдання граматы са складу Рады выйшлі некаторыя партыі, з’яўляюцца новыя і яны пачынаюць бароцца паміж сабой. Так пачаўся палітычны крызіс БНР. Аднак гэта не адзіная прычына, чаму Беларуская Народная Рэспубліка не атрымала падтрымкі іншых краін і народа.

Чаму ў БНР не атрымалася?

Усе прычыны можна падзяліць на тры часткі:

  1. Знешняя палітыка. Германія лічыла тэрыторыю Беларусі часткай Расіі, якую яна аддала ў якасці кантрыбуцый пасля Брэсцкага міру. Германія не прызнавала БНР. Іншыя заходнееўрапейскія краіны таксама адмаўляліся прызнаваць незалежнасць. Ніводная дзяржава, як распавядаюць гісторыкі з Польшчы, Германіі і Беларусі, не прызналі юрыдычна БНР. Савецкая Расія таксама не прызнала незалежнасць БНР. У 1919 годзе на тэрыторыі чатырох беларускіх губерняў і двух паветаў утварылі БССР, яшчэ праз 10 год двойчы ўзбуйнілі тэрыторыю. Рада БНР ад 1919 года працуе ў выгнанні.
  2. Падтрымка шырокіх мас. У пачатку БНР не знайшла падтрымкі шырокіх мас. Незалежную беларускую краіну стварылі ў неспрыяльных умовах: існаванне пад акупацыяй, якую просты народ успрымаў варожа. Палітычныя рашэнні прымаліся без удзелу простага беларускага народа. Партыі казалі, што першапачатковае пытанне – нацыянальнае самавызначэнне. Аднак пасля доўгай чатырохгадовай вайны народ думаў пра мір і дабрабыт.
  3. Унутрыпалітычны раскол. Пасля Трэцяй Устаўной граматы частка партый выйшла са складу Рады. Беларуская сацыялістычная грамада – першая беларуская партыя – развалілася, на яе глебе з’явіліся іншыя палітычныя адзінкі. Склад Рады абнаўляўся, яна не змагла своечасова прымаць рашэнні і стаць уплывовым палітычным органам.

• Текст доступен на языке: Русский