Фота sn-plus.com.

25 сакавіка – гэта дзень, калі беларусы адзначаюць свята незалежнасці, свабоды і Беларусі.

Менавіта 25 сакавіка 1918 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату. Гэты юрыдычны акт абвяшчаў незалежнасць БНР. Таму беларусы адзначаюць 25 сакавіка як Дзень Волі.

А вось 3 ліпеня больш правільна называць Днём вызвалення. 3 ліпеня 1944 года вызвалілі Мінск ад нацыстаў.

Чаму 25 сакавіка – важны дзень для беларусаў, мы разабраліся. А вось як яго святкаваць, пакуль незразумела. Тым больш у час эпідэміі, калі лепш не ладзіць масавыя мерапрыемствы. Мы падрыхтавалі для вас некалькі варыянтаў.

Спосаб першы – прыгожы

Самы просты спосаб адзначыць Дзень Волі – аздобіць бел-чырвона-белым сцягам памяшканне знутры ці звонку. Гэта можа быць вялікі сцяг на балконе або маленькая стужка на працоўным стале. У кожным разе сімвал адразу заўважаць аднадумцы і парадуюцца ў душы, што Беларусь жыве.

Вось так вывешваюць сцяг у Вілейцы:

Спосаб другі – падзячны

У неэпідэміялагічны перыяд 25 сакавіка – выдатны дзень, каб прыбраць магілы беларускіх дзеячоў, пакласці жывыя кветкі белага і чырвонага колераў. Ускласці кветкі сімвалічна было б да помніка «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі».

У гэтым годзе з улікам абстаноўкі можна ўшанаваць памяць дзеячоў па-іншаму. Напрыклад, набыць іх кнігу або пачытаць з дамашняй бібліятэкі. Здорава, калі вы раскажаце пра тых дзячоў беларушчыны, якія паўплывалі на вас, у сваіх сацыяльных сетках.

Спосаб трэці – каштоўнасны

25 сакавіка – дзень, калі беларусы адчуваюць яднанне, разумеюць, наколькі блізкія ў іх каштоўнасці. Гэта выдатны дзень, каб падтрымаць ініцыятывы і кампаніі, якія падзяляюць ідэалы Дня Волі.

Выдатным рашэннем будзе падпісацца на папяровую версію «Рэгіянальнай газеты». Менавіта гэтае выданне – адзінае цалкам беларускамоўнае на тэрыторыі Павілля. Мы амаль 25 год працуем на тое, каб яднаць аўдыторыю, для якой свабода Беларусі, беларуская мова, свабода слова і плюралізм думак – найвышэйшая каштоўнасць. Калі ласка, падтрымайце выданне ў гэты святочны дзень падпіскай. Гэта будзе вельмі прыгожы жэст і каштоўны для газеты ўнёсак.

Вось тут мы пішам, як падпісацца анлайн.

Спосаб чацвёрты – зусім просты

Нічога няма прасцей, як проста ўвесь дзень размаўляць па-беларуску. А калі вы на каранціне і размаўляць няма з кім, напішыце прыгожы пост па-беларуску.

Спосаб пяты – падтрымліваючы

Проста сёння сотні беларусаў гатовыя ладзіць самыя розныя актыўнасці і ініцыятывы. І для таго, каб яны здзейсніліся, патрэбная фінансавая падтрымка. Выберыце самі, што менавіта вы хацелі б падтрымаць.

Звярніце ўвагу на ініцыятывы нашага рэгіёна. У Крэве хочуць зладзіць фотавыставу,  у Маладзечне – перарабіць двор у арт-галерэю.

Спосаб шосты – след у вечнасці

Калі ў вас ёсць дзеці, раскажыце ім пра БНР, беларускіх дзячоў, Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг. Перадайце ім веды, распавядзіце, чаму мы ганарымся тым, што беларусы і якая велічная наша гісторыя і культура. Паслухайце «Паланэз» Агінскага. Няхай гэтая шчырая і пазнавальная гутарка стане вашым следам у вечнасці.