Злодзей залез у дачу на Мядзельшчыне. Прыхапіў нават цукарніцу

У жанчыны ў вёсцы Вайцяхова на Мядзельшчыне скралі рэчы на 270 рублёў — узбудзілі крымінальную справу.

У міліцыю паступiла паведамленне ад жыхаркі Мінска. Нехта у адзін з дзён у перыяд ад 11 студзеня да 20 сакавіка вырваў прабой уваходных дзвярэй і пранік у дачны дом у вёсцы Вайцяхова.

Там злодзей выкраў помпу для забора вады «Ручаёк», электрычны самавар, партатыўны радыёпрыёмнік. Прыхапіў нават цукарніцу і шкляную бутлю на 20 літраў. Жанчыне прычынілі страты на суму 270 рублёў.

Райаддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да неўстаноўленай асобы.