Ад пачатку сакавіка выратавальнікі Маладзечанскага ГРАНС 16 разоў выязджалі тушыць запаленую траву.
Такія пажары былі ў вёсках Івонцавічы, Краснае, Кічына, Бярозкі, Конавічы, Якавічы, Запялякі, Кулеўшчына, Хажова, Загорцы, Новая, Конюхі, а таксама ў Маладзечне на вуліцы Чарота.
Па словах спецыялістаў Маладзечанскага ГРАНС, штогод з надыходам вясны палы сухой травы ператвараюцца у стыхійнае бедства. Часам трава выпальваецца наўмысна сельскагаспадарчымі арганізацыямі для ачысткі палёў ад непажаданай расліннасці. Але значна часцей прычынай загарання травы становіцца нядбайнасць, неасцярожнасць, а то і хуліганства дарослых людзей. Нехта выкідае непатушаны недакурак з акна аўтамабіля, нехта пакідае вогнішча пасля пікніка, а то і выпальваюць траву проста так. Нярэдка запаленую запалку ў траву кідаюць дзеці, дзеля забавы і зусім не клапоцячыся пра наступствы.
За 2019 год на Мігшчыне адбылося 580 загаранняў травы і кустоў на агульнай плошчы 77,403 гектараў.
На гэтым тыдні маладзечанскія выратавальнікі у мэтах прафілактыкі ўзгаранняў праводзілі сумесныя рэйды з УП «Камунальнік» і Маладзечанскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету.
МНС Беларусі нагадвае, што неабходна быць асцярожнымі пры навядзенні парадку ў прыватных жылых дамах, на лецішчах:
- адвязіце смецце ў спецыяльна адведзенае месца;
- калі без спальвання не абысціся, выберыце пляцоўку так, каб выключыць пажар, адлегласць да будынкаў і збудаванняў павінна быць не менш за дзесяць метраў, ад ляснога масіва – 20 метраў, 30 метраў ад месцаў, дзе складзена сена або салома;
- паліць адходы можна толькі ў зацішнае надвор’е, полымя трэба пастаянна кантраляваць, ні ў якім разе не пакідаць без нагляду;
- не забывайце пра вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўку;
- выпальванне сухой расліннасці і пажніўных рэшткаў, траў на корані катэгарычна забараняецца
Згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы караюцца штрафам ад 270 да 1080 базавых велічынь. Калі прычыняецца шкода ў асабліва буйным памеры, надыходзіць крымінальная адказнасць па артыкулах 270, 276 Крымінальнага кодэкса Беларусі.
• Текст доступен на языке: Русский