Сям'я Малажавых. Фота з архіва герояў.

Часам у мінскіх пешаходных пераходах можна пабачыць, як іграе незвычайны музычны калектыў: харызматычны дзядзька з барадой, жанчына з дзіўным музычным інструментам — духавой мелодыкай, малады хлопец, які сабой уяўляе цэлы аркестр, піша Наша Ніва.

Ён адначасова іграе на гітары, да ног у яго прычэплены бубен і бас-барабан, да рук прымацаваныя маракасы.

Гэта сям’я Малажавых: Аляксандр, Наталля і Тарас. Яны сябе называюць ансамбль «Дзядзька Саша і сям’я».

Гэты ансамбль існуе ўжо больш за 30 гадоў, дакладней сказаць, у 80-я ён быў яшчэ дуэтам.

«З адукацыі я скрыпачка. Прыехала ў Івянец на размеркаванне працаваць выкладчыцай сальфеджыа ў мясцовай музычнай школе. Тут пазнаёмілася з Сашам, які хаця з адукацыі быў радыёфізікам, але выдатна ўмеў іграць на шматлікіх музычных інструментах. У Сашы быў нават свой ВІА, тады, у 80-я, гэта было модна», — расказвае Наталля Малажавая.

У той час Аляксандр і Наталля шмат выступалі на танцпляцоўках, на вяселлях. У 1988 годзе ў пары нарадзіўся сын Тарас.

«Ён, напэўна, увабраў у сябе ўсе найлепшыя гены мае і свайго таты. У Тараса выдатны музычны густ. Калі яму было яшчэ толькі шэсць гадкоў, ён ведаў на памяць усе песні гурта «Queen».

Калі ў Івянцы грошы зарабляць стала складана, падаліся ў Мінск, ігралі ў рэстаранах. Тарас падрастаў і таксама паступова сам стаў пісаць музыку, рабіць аранжыроўкі. У доме, дзе жыла сям’я Малажавых, з’явіліся цэлыя дзве студыі гуказапісу. Але раптам, у адзін дзень, 23 красавіка 2015 года, сям’я засталася без нічога.

Нам на папялішчы нашага дома сказалі: «Ідзіце і жывіце як хочаце»

23 красавіка 2015 года прыкладна а чацвёртай гадзіне дня ў Івянцы здарыўся пажар. Сям’я Малажавых была дома, абедала.

«Раптам з вуліцы нехта крыкнуў: «Пажар». Мы ўсе выбеглі ў двор. У нашым доме гарэў дах. Літаральна за некалькі хвілін дом разам з усёй маёмасцю выгарэў ушчэнт. Тады прыехалі мясцовыя ўлады і сказалі нам: «Ідзіце і жывіце як хочаце», — прыгадвае Наталля.

Гэта ўсё, што засталося ад вялікага дома Малажавых

Дарэчы, суды па справе пажару, у якім гаспадары вінавацяць мясцовую кацельную, не скончыліся і сёння.

«Гэта не будзе перабольшаннем, калі я скажу, што наша жыццё падзялілася на да і пасля пажару. Мы нават адбудаваць дом не можам, пакуль не скончыліся судовыя справы. Так і стаіць тое папялішча некранутым. Жывём зараз у арэндным доме, які нам выдзелілі мясцовыя ўлады», — расказвае Наталля.

Наталля Малажавая расказвае, што заробак музыкантаў нестабільны, таму, каб пракарміць сям’ю, яны з мужам аформіліся рамеснікамі.

«Саша займаецца вырабамі з дрэва, а яшчэ мы разам з ім вырошчваем скрыпень. Прадаём яго ў магазіны, кавярні», — дзеліцца Наталля.

У пераходах іграць не ганебна

А па выхадных сям’ю Малажавых можна сустрэць у мінскіх пешаходных пераходах.

«Ведаеце, на выкананні музыкі шмат не заробіш. Ды і не стану я агучваць суму, якую зарабляем за дзень! Для кагосьці гэта мала, а хтосьці і скажа: «Ого», — прызнаецца Наталля.

Выканаўца кажа, што ў працы вулічных музыкантаў усё шчыра: калі твая музыка падабаецца слухачам, яны галасуюць за гэта рублём.

«Таму мы стараемся выконваць у сваёй апрацоўцы класічныя творы, добрыя прыклады сусветна вядомай рок-музыкі. Мы як лічым: нават калі ў чалавека няма магчымасці ці патрэбы наведваць канцэрты, то ў яго павінна быць магчымасць пачуць самыя выбітныя музычныя творы сучаснасці», — упэўненая Наталля.

А ў пераходах ансамбль «Дзядзька Саша і сям’я» пачаў выступаць толькі сёлета.

«Мы не лічым, што гэта ганьба. Для нас — гэта свабода, самавыяўленне. Гэта магчымасць гутарыць са сваім слухачом. Нават калі нейкі нецвярозы аматар музыкі просіць выканаць «Мурку», мы не адмовім. Абавязкова выканаем, толькі ў якой-небудзь сваёй унікальнай манеры», — расказвае Наталля.

«Мы вельмі любім іграць ў пераходах, дзе дах зроблены купалам, там гук абсалютна цудоўны. Але да любой сваёй «канцэртнай залы» адносімся з павагай. Ну што яшчэ сказаць? Міліцыянеры нас не чапаюць, наадварот, таксама часам спыняюцца паслухаць. Ну ўсім жа хочацца пазітыўных эмоцый, праўда?» — кажа Наталля Малажавая.

Фотаздымкі з архіва герояў.

• Текст доступен на языке: Русский