Пісьменнік Віктар Шніп са сваёй цёткай і настаўніцай Валянцінай Шніп. Фота са старонкі Віктара Шніпа ў фэйсбуку.

Пра гэта паведаміў ураджэнец вёскі Пугачы, пісьменнік, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп.

– Валянціна Іосіфаўна была стрыечнай сястрой маёй мамы, – кажа Віктар Анатольевіч. –  Вучыла мяне ў школе беларускай мове і літаратуры. Гэта ад Валянціны Іосіфаўны я, дванаццацігадовы хлапчук, на адным з урокаў пачуў, што ў дзесяці кіламетрах ад Пугачоў, у Вязынцы, нарадзіўся Янка Купала. Дачакаўшыся летніх вакацый, я панёс Купалу свае вершы.

Неяк пры сустрэчы ў Пугачах Валянціна Іосіфаўна ўзгадала, што я добра пісаў сачыненні і некаторыя з іх у яе захоўваюцца:«Я так і думала, што з цябе нешта творчае павінна атрымацца».

Валянціна Іосіфаўна Шніп была заслужанай настаўніцай Беларусі, найстарэйшай жыхаркай вёскі Пугачы. Валянціна Іосіфаўна нарадзілася ў 1927 годзе. На настаўніцу вучылася ў інстытуце ў Гродне.

Усё жыццё пражыла ў Пугачах. У мясцовай школе адпрацавала больш за сорак гадоў.

Сваю настаўніцу Віктр Анатольевіч неаднойчы згадваў у кнігах «Заўтра была адліга» і «Пугачоўскі цырульнік». Вось некаторыя вытрымкі:

«10.07.2011. У Ракаве на доме Вячаслава Рагойшы, дзякуючы раённым уладам, скульптару Івану Міско і самому Вячаславу Пятровічу, была адкрыта мемарыяльная дошка з надпісам: «Гэты дом часта па-сяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч». Пасля ўрачыстасці Рагойша падыйшоў да мяне і сказаў: «Караткевіч глядзіць у бок тваіх Пугачоў!». «І не дзіўна, што глядзіць у бок Пугачоў, бо ён там хоць і адзін раз, але ўсё-ткі бываў.» — адказаў я, памятаючы тое, што мне расказвала мая цётка Валянціна Іосіфаўна, у якой, працуючы ў Пугачоўскай школе, жыў будучы доктар філалагічных навук Павел Дзюбайла і да якога з Радашковіч часта ў госці прыходзіў супрацоўнік раённай газеты Адам Мальдзіс. Дзякуючы Мальдзісу, Караткевіч і быў у Пугачах…»

«15.10.2011. Ідучы з крамы, спыняюся каля агарода Валянціны Іосіфаўны, маёй сваячніцы, былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Цётцы ўжо 83 гады. Жыве адна. Скарджуся цётцы, што ў бацькавай хаце холадна. «А я пломбу сарвала і падключыла ацяпленне! Няхай штрафуюць!»— кажа Валянціна Іосіфаўна і распытваецца пра маё жыццё-быццё. Развітваючыся, думаю падыйсці да плота, за якім цётка, і пацалаваць яе на развітанне, але чамусьці не падыходжу. Цяпер шкадую, што не падыйшоў…»

«27.11.2017. Патэлефанаваў сваяк, Анатоль Блашчыцын. Быў у Пугачах. Сказаў, што мая хата стаіць на месцы. Ад яго даведаўся, што сёння маёй дваюраднай цётцы Валянціне Іосіфаўне 90 гадоў. Павіншаваў бы, ды яна ў Пугачах цяпер не жыве, а ў дачкі пад Валожынам. Збіраюцца святкаваць на выхадныя юбілей…».

Валянціне Іосіфаўне было 92 гады. Пахаваюць яе заўтра, 27 сакавіка, на могілках у Дубровах.

«Рэгіянальная газета» выказвае спачуванні родным і блізкім Валянціны Іосіфаўны Шніп.

• Текст доступен на языке: Русский