Фота NY Times.

Першым чалавекам, у якога ў снежні 2019 года пацвердзіўся каранавірус, была жанчына, якая прадавала крэветкі на рынку морапрадуктаў «Хуанань» у Ухані, паведамляе РБК са спасылкай на выданне Sina.

11 снежня ў жанчыны па прозвішчы Вэй паднялася тэмпература і яна звярнулася па медыцынскую дапамогу. Паводле яе слоў, звычайна пры нядужанні ёй станавілася лепш пасля таго, як у шпіталі ёй ставілі ўкол. Аднак у той раз не дапамаглі нават два ўколы. Праз пяць дзён Вэй звярнулася ў бальніцу «Сэхэ» пры Хуачжунскім універсітэце навукі і тэхналогіі.

Да 31 снежня, па дадзеных камітэта па ахове здароўя Ухань, у першай групе заражаных налічваліся 27 чалавек. 24 з іх мелі кантакты з рынкам «Хуанань», пры гэтым чацвёра — члены адной сям’і.

Sina паведамляе, што ўдалося таксама знайсці першага заражанага, які не меў ніякіх кантактаў з «Хуананем». Гэта мужчына па прозвішчы Чэнь. У яго ўзнялася тэмпэратура 16 снежня і ён звярнуўся ў бальніцу ў прыгарадзе Уханю.

Пацыент так і не змог зразумець, дзе заразіўся, аднак выказаў меркаванне, што мог падхапіць інфекцыю ў метро ці ўжо пасля таго, як звярнуўся ў бальніцу.

Пры гэтым члены яго сям’і ніяк не абаранялася да таго, як яму паставілі дыягназ, але ніхто з іх не захварэў.

Раней газета The South China Morning Post (SCMP) са спасылкай на дадзеныя ўладаў паведамляла, што першы выпадак заражэння новым каранавірусам у Кітаі датуецца 17 лістапада, а не ў снежні, як гаварылася спачатку.

Па інфармацыі выдання, першым у краіне як мяркуецца захварэў 55-гадовы жыхар правінцыі Хубэй. Усяго ў лістападзе ў Кітаі было дзевяць выпадкаў заражэння, аднак хто з іх стаў «нулявым пацыентам», пакуль не ясна.