Сёння, 27 сакавіка, на сцэне Мінскага абласнога драмтэатра ў Маладзечне зладзілі перадпрэм’ерны паказ фарса «Фокусы жыцця» па матывах п’есы Вудзі Алена. А прэм’ера адбудзецца ўжо заўтра, 28 сакавіка, у 17.00.

Хоць сваю п’есу Вудзі Ален і стварыў у пачатку 1980-х, яна вельмі запатрабаваная і цяпер, перакананы кіраўнік тэатра Юры Крывенькі. На яго думку, праблемы бацькоў і дзяцей, а таксама сямейных каштоўнасцей не трацяць актуальнасці.

– На сцэне побач з майстрамі сцэны Алегам Чэчаневым, Ірынай Камышавай, Сяргеем Карзеем іграюць маладыя Аляксандра Грасевіч, Кацярына Шчэрбач, Павел Святоха. Таму ў спектаклі ёсць пераемнасць пакаленняў. Спадзяёмся, што гэтая п’еса зверне ўвагу бацькоў на дзяцей і наадварот, – расказаў Юры Крывенькі.

Па яго назіраннях, апошнім часам людзі хочуць ад тэатра нечага забаўляльнага. І ўсё ж тут спадзяюцца, што сур’езны твор таксама зацікавіць гледача.

– Патрэбны быў матэрыял, блізкі да сённяшніх рэаліяў, – падтрымлівае гутарку рэжысёр-пастаноўшчык Дзяніс Нупрэйчык. – І п’еса сапраўды сугучная з сённяшнім часам. Шмат у чым твор – аўтабіяграфічны. Вудзі Ален пісаў пра сябе – закамплексаванае дзіця, якое мае сваю мару і разам з тым – праблемы з успрыняццем свету. Ён увасабленне многіх прадстаўнікоў сённяшняга маладога пакалення, якія нягледзячы на знешнюю разняволенасць заклапочаныя пытаннем, як праявіць сябе, як выжыць у гэтым няпростым свеце.

І ўсё ж, па словах рэжысёра, галоўным героем з’яўляецца не 17-гадовы Пол, а яго мама, на якую ў адзін момант навалілася шмат праблем. Муж не прыносіць грошы і завёў каханку, сын прагульвае школу, а дачка не слухаецца.

Аднак, п’еса заканчваецца хэпі-эндам. Бо ніхто і нідзе не зразумее цябе так, як родная сям’я, перакананы рэжысёр.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский