Супрацоўнікі маладзечанскай ДАІ 27 сакавіка правялі рэйд у рамках прафілактычнага мерапрыемства.

Па словах інспектараў, часам кіроўцы свядома ігнаруюць правілы і паркуюць аўтамабілі на месцах для людзей з інваліднасцю. Часта гэта адбываецца на паркоўках каля крамаў.

Таму інспектары ДАІ вырашылі адпрацаваць паркоўку каля Е-Сіці.

Што трэба ведаць пра парковачныя месцы для людзей з інваліднасцю?

Такое месца прыкладна ў паўтара раза шырэй, чым звычайна — 3,5 метраў супраць 2,5. Месца пазначаецца адпаведным знакам. А размяшчаюцца яны бліжэй да ўваходу, каб скараціць шлях.

Апазнавальныя знакі, то бок налепкі на аўто, наляпляюцца па жаданні кіроўцы — яны не абавязковыя.

Які штраф, калі прыпаркаваўся на месцы для людзей з інваліднасцю?

Калі вы прыпаркаваліся на месцы для людзей з інваліднасцю і ў вас няма групы інваліднасці, то вы парушаеце заканадаўства — ч.2 арт.18.22 КаАП Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з артыкулам «за неправамерную стаянку транспартнага сродку на месцы, адведзеным для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў», штраф складае 2 базавыя велічыні. Цяпер гэта 54 рублі.

Як прайшоў рэйд маладзечанскай ДАІ?

Інспектары маладзечанскай ДАІ правялі размовы з двума кіроўцамі, якія парушылі правіла ПДР. Маёр Бартош заўважыў у аднаго з кіроўцаў, які стаў на парковачнае месца для людзей з інваліднасцю, на заднім сядзенні дзяцей, якіх прышпілілі па ўсіх правілах. Аднак за парушэнне правілаў паркоўкі ўсё ж прыйшлося адказаць.

У трох кіроўцаў былі пасведчанні аб інваліднасці. Адна з жанчын, у якой інспектары правяралі дакументы, падзякавала супрацоўнікам ДАІ, якія адпрацоўваць паркоўкі. Яна распавяла, што цяпер месцы для інвалідаў пастаянна займаюць і няма куды паставіць аўтамабіль.

 

Фота Настассі УТКІНАЙ.