Як здаваць на правы ў Маладзечне, я ўжо больш-менш ведаю. І не проста ведаю, а адчуваю на ўласным досведзе.

Заплаціўшы немалыя грошы, тры месяцы па суботах-нядзелях слухала правілы дарожнага руху. У рабочыя дні падчас абеду і не толькі (дзякуй за разуменне кіраўніку) бегала на аўтадром. Што ў выніку? Правілы ў ДАІ – з першага разу, аўтадром – з трэцяга. А кіраванне па горадзе – пакуль у працэсе. І за кожны этап – плаціць. А як атрымліваюць правы кіроўцы ў Германіі?

Для гэтага яны таксама вучацца ў спецыяльных школах. Калі абралі школу – ідуць на пробны ўрок. Ён называецца Shnupperkurs.

Для тэрміновай выдачы правоў працуюць школы, дзе навучаюцца паскорана. За тыдзень, займаючыся ад раніцы да вечара, праходзяць практыку і тэорыю і здаюць экзамен незалежным экспертам.

На выбар школы ўплывае размяшчэнне, цана і аб’ём заняткаў. Цана адной гадзіны, вучэбных матэрыялаў і абавязковых грашовых збораў вызначаюць самі школы. Таму сумы розныя.

20 еўра – за гадзіну кіравання

Спачатку слухачы аплачваюць базавы збор за тэорыю. Каштуе ад 50 да 400 еўра. Сума залежыць ад метаду навучання. У адных школах проста вызубрываюць білеты для здачы экзамену, у іншых падрабязна расказваюць правілы і тлумачаць нюансы.

Па ходзе праходжання тэорыі выкладчык прапаноўвае пачаць практыку, звычайна праз чатыры-шэсць тыдняў. Тэрмін залежыць ад кандыдата ў кіроўцы. Пасля першага ўрока кіравання абавязкова плацяць яшчэ за 12 гадзін, прадугледжаных па законе. За экзамен плацяць асобна. У сярэднім адна гадзіна кіравання ў аўташколе каштуе 20 еўра.

Якія дакументы патрэбныя кандыдату ў кіроўцы ў Германіі

Кандыдаты ў кіроўцы перад тэарэтычнымі заняткамі або падчас іх збіраюць неабходныя дакументы. Пералік звычайна наступны:

  •  тэст на зрок – праходзяць у краме оптыкі або ў акуліста. Каштуе каля сямі еўра і займае тры хвіліны. Па выніках выдаюць даведку, дзе напісана, трэба будучаму кіроўцы акуляры ці не. Калі трэба, то без іх не дапусцяць да практычнага экзамену;
  • чатыры фотаздымкі – робяць у фотаатэлье ці фотааўтамаце. Кошт пяць-дзесяць еўра. Калі пры кіраванні аўтамабілем патрэбныя акуляры, лепш фатаграфавацца ў іх;
  •  заява пра тое, што вы жадаеце атрымаць правы. Яе падаюць у орган мясцовай улады. Дадаюць два фотаздымкі і каля 33 еўра. Правы зробяць праз некалькі дзён і пакінуць у архіве да канца навучання;
  • даведка пра заканчэнне курсаў першай дапамогі.

Тэорыя з практыкай

На тэарэтычныя заняткі адводзяць 14 гадзін. На іх будучых кіроўцаў рыхтуюць да здачы тэарэтычнага экзамену. Адбываецца гэта па-рознаму. У адных школах выкладчыкі чытаюць лекцыі па правілах дарожнага руху, у іншых выконваюць са слухачамі трэніровачныя заданні.

Калі чалавек атрымлівае пасведчанне ўпершыню, ён павінны наездзіць 12 гадзін: тры гадзіны – ноччу, чатыры – па аўтабанах, пяць – як заўгодна. Выкладчык возіць курсанта па тых маршрутах, дзе будуць здаваць экзамен. Максімальная працягласць аднаго занятку – дзве гадзіны. Галоўныя элементы руху курсант адпрацоўвае шматлікімі паўтарэннямі.

Калі прыйшоў час экзаменаў

Пасля праходжання 14 гадзін тэорыі, курсант здае экзамен па правілах дарожнага руху. Экзамен праходзіць на планшэтах на любой мове. Пра гэта папярэджваюць у аўташколе пры падпісанні дагавора. Калі абраная мова не нямецкая, то кандыдаты ў кіроўцы прыходзяць у пункт выдачы правоў, тлумачаць свой выбар і плацяць дадатковыя 20 еўра. Кошт здачы тэарэтычнага экзамену – 80 еўра. Калі не здаў, праходзіш яшчэ два заняткі і пераздаеш. Здаваць тэорыю дазваляюць тры разы. Калі не атрымаецца, трэба чакаць тры месяцы.

Калі пасля перапынку зноў не атрымаецца, мусіце прайсці медыка-псіхалагічнае абследаванне.

Калі вынік станоўчы, даюць яшчэ два разы пераздаць тэорыю. Калі не – аб правах можна забыць.

А калі ад першых тэарэтычных заняткаў прайшоў год, а экзамен не здадзены, навучанне пачынаюць наноў.

Практычны экзамен прымае незалежны экзаменатар. Ён сядзіць на заднім сядзенні і сочыць за курсантам. Калі экзамен не здадзены, курсант павінны прайсці яшчэ дзесяць гадзін кіравання. Абмежаванняў на колькасць нездадзеных экзаменаў па кіраванні няма.

Здача практычнага экзамену доўжыцца да 45 хвілін і каштуе каля ста еўра. У канцы задаюць адно тэарэтычнае пытанне на разуменне кіравання аўтамабілем.

Калі экзамен здадзены, экзаменатар адразу выдае пасведчанне кіроўцы.

Выдаткі на пасведчанне кіроўцы ў Германіі (у еўра)

Курс першай дапамогі 30
Праверка зроку 6
Фотаздымкі 6-10
Запыт на пасведчанне кіроўцы 5,10
Выраб пасведчання 33,20
Асноўны ўнёсак 50-350
Вучэбныя матэрыялы 30-100
Базавая гадзіна заняткаў 20-40
Гадзіна начных заняткаў і заняткаў на аўтабане 30-60
Тэарэтычны экзамен 11,70
Практычны экзамен 94,94

Цэны сярэднія і залежаць ад аўташколы

 

 

• Текст доступен на языке: Русский