У Маладзечне пры пажары загінула жанчына, а мужчына ў цяжкім стане знаходзіцца ў раённай бальніцы. Аб гэтым «Рэгіянальнай газеце» паведаміла інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскай ГРАНС Валянціна Сопат.
30 сакавіка ў 22:19 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб загаранні жылога дома па 1-й Рабочым завулку ў Маладзечне.
Да месца выкліку накіравалі пяць адзінак тэхнікі. Відавочцы паведамілі, што ў
доме можа знаходзіцца чалавек.
У 22:35 пры тушэнні пажару знайшлі на падлозе ў жылым пакоі жанчыну без прыкмет жыцця. Выратавальнікі вынеслі яе на свежае паветра і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі для правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў.

У 22:37 брыгада хуткай медыцынскай дапамогі канстатавала смерць жанчыны. Пазней
высветлілася, што яна з’яўлялася знаёмай брата гаспадыні.
Дом належаў пенсіянерцы. Яна пражывае ў горадзе Маладзечна па вуліцы Будаўнікоў. Высветлена, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які папярэдзіў б жыхароў аб узгаранні на ранняй стадыі, не быў устаноўлены. Дом у 2018 годзе адключылі ад
электразабеспячэння за няўплату.
Да прыбыцця падраздзяленняў МНС самастойна пакінуў дом брат гаспадыні. Пражываў у доме з дазволу сястры.
Яго з папярэднім дыягназам «атручэнне прадуктамі гарэння» брыгадай хуткай даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне Маладзечанскай ЦРБ. Ён знаходзіцца ў свядомасці, стан цяжкі.
Прычына пажару высвятляецца. Разглядаецца версія неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
У выніку пажару агнём пашкоджаны маёмасць і сцены ў жылых пакоях і калідоры.