Фота svaboda.org.

У Беларусі памер першы пацыент, у якога прызналі дыягназ COVID-19 — Віктар Дашкевіч, акцёр віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі сваякі актора.​

Днём раней яго жонка расказвала Свабодзе, што мужчына 6 дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — у яго пацвердзілі COVID-19. Сама яна таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй.

Акцёр 10 і 11 сакавіка працаваў у спэктаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка таксама кантактаваў з калектывам тэатру. У самім тэатры пацвердзілі, што адзін з акцёраў шпіталізаваны з дыягназам COVID-19, але паведамілі, што працягваюць рэпэтыцыі, хоць бліжэйшыя спэктаклі скасавалі з прычыны «практычна пустой залі».

20 сакавіка сужэнцы, якія служаць у Коласаўскім тэатры ў Віцебску, адчулі сябе дрэнна, у іх была тэмпэратура. 21 сакавіка іх паклалі ў чыгуначны шпіталь.

Там узялі тэсты на каранавірус, у абаіх аналізы былі адмоўныя. Лячылі антыбіётыкамі. Жонка 5 дзён праляжала ў шпіталі, стан яе палепшыўся, жанчыну выпісалі.

Папрасілі да 10 красавіка пасядзець дома на карантыне, нікуды не выходзіць з кватэры. Дарослай дачцэ, якая наўпрост кантактавала з бацькамі за дзень да іхнай шпіталізацыі, наагул нічога не сказалі. Нават дазволілі прыносіць маці харчы — пакідаць перад дзвярыма кватэры.

У Беларусі на 30 сакавіка пацвердзілі 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэнні».

Да сёньняшняга дня пра сьмерці людзей з пацьверджаным дыягназам COVID-19 не паведамлялася.

• Текст доступен на языке: Русский