Фота ostrovets.by.

Па падобных сцэнарыях разгортваліся падзеі двух пажараў у Астраўцы, якія адбыліся 31 сакавіка і 1 красавіка. Аб пажарах паведамляе ostrovets.by.

Паведамленне пра пажар жылога дома па вуліцы Садовай у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла ў аўторак, 31 сакавіка, у 19:08.

Першым выратавальнікам датэлефанаваўся мужчына. Ён заўважыў дым, які ідзе з-пад даху суседняга дома. Практычна ў гэты ж час пра пажар даведаліся і гаспадары.

Ачаг узгарання знаходзіўся на кухні: калі ўладальнікі ў пошуках крыніцы пажару адкрылі туды дзверы, у памяшканні ўжо быў агонь. Мужчына адразу ж вывеў жонку з дзіцём.

Тушыць пажар уласнымі сіламі было небяспечна — з гэтым справіліся выратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння. Пажар пашкодзіў дах, перакрыцці, знішчыў маёмасць на кухні. Папярэдне, прычынай узгарання мог стаць перекал печы.

Пра пажар па вуліцы Міру 1 красавіка а 03:33 першым таксама паведаміў сусед пацярпелых: мужчына пачуў падазроны трэск. Потым знайшоў яго прычыну, тут жа патэлефанаваў выратавальнікам.

Ад трэска прачнуўся і гаспадар. Каб разабрацца, што адбываецца, ён выйшаў на вуліцу і ўбачыў, што адкрытым агнём гарыць яго дом. Спрабуючы датэлефанавацца да пажарных, якія ўжо атрымалі трывожны выклік, ён разбудзіў і вывеў на вуліцу жонку і дваіх дзяцей.

Справіцца з пажарам самастойна не ўяўлялася магчымым. Ліквідаваць яго ўдалося толькі выратавальнікам. У выніку агонь знішчыў дах, пашкодзіў перакрыцці і маёмасць у доме. Як мяркуецца, прычынай узгарання магло стаць кароткае замыканне электраправодкі.