Фота Настассі УТКІНАЙ.

Базавая арэндная велічыня ў Беларусі ад 1 красавіка павялічваецца з 16,9 рубля да 17,85 рубля. Такое рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў ад 20 сакавіка 2020 года, паведамляе БелТА.

Як растлумачылі ў Дзяржкаммаёмасці, памер базавай арэнднай велічыні усталёўваецца Саўмінам штогод з улікам інфляцыі за папярэдні год і дзейнічае ад 1 красавіка.

У той жа час арэндная плата можа быць зніжана, калі арэндадаўца прыменіць мінімальны каэфіцыент попыту або знізіць працэнт рэнтабельнасці.

Змяніць у дамове арэнды каэфіцыент попыту можна па пагадненні бакоў і па ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі.

Як паведамілі ў Дзяржкаммаёмасці, у Беларусі падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы на тэрмін да 30 верасня 2020 года. Дакумент узгоднены з усімі зацікаўленымі, але пакуль яшчэ не прыняты.

Базавая арэндная велічыня ўжываецца пры разліку памеру арэнднай платы за плошчы, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці, а таксама ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў, у статутных фондах якіх больш за 50% акцый знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або яго адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

На 1 студзеня 2020 года ўдзельная вага плошчы дзяржмаёмасці, здадзеная ў арэнду, складае 3,5%.