Ілюстрацыйнае фота NY Times.

У Магілёўскай вобласці, па дадзеных на раніцу 1 красавіка, зарэгістравалі першы выпадак пацверджанай каранавіруснай інфекцыі. Ён выяўлены ў жанчыны 33 гадоў, якая пражывае ў Крычаве.

— Пацыентка была ў працяглай камандзіроўцы ў Віцебску. Яна цалкам абследаваная, праведзены ўвесь спектр неабходных супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў. Мы яе перавялі ў Магілёўскую інфекцыйную бальніцу. На сённяшні дзень яе стан стабільны. Яна атрымлівае неабходнае лячэнне, — распавяла намеснік галоўнага лекара «Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы», галоўны пазаштатны інфекцыяніст галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Ірына Бас.

Ірына Бас таксама адзначыла, што медыкі абследавалі ўсіх кантактных асоб, якія падлягалі такому абследаванню. У іх адмоўныя вынікі. Зараз у Крычаве праводзяцца неабходныя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.