Фота NY Times.

Прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў у каментары TUT.BY заявіў, што Міністэрства аховы здароўя павінна палепшыць інфармаванне грамадзян аб сітуацыі з каранавірусам у краіне.

— Насельніцтва павінна мець поўную інфармацыю пра рызыкі і пра тое, як сітуацыя развіваецца, і якія меры прымаюцца. Недахоп інфармацыі можа справакаваць страх.

Сёння адбылася размова кіраўніка Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя з рэгіянальным дырэктарам Еўрапейскага бюро СААЗ Гансам Клюге. Абмяркоўвалася пытанне запрашэння місіі экспертаў СААЗ, якія прыедуць у Беларусь, каб ацаніць сітуацыю са ўспышкай каранавіруса ў краіне і даць рэкамендацыі.

— Для працы групы будуць створаны ўсе ўмовы: доступ да інфармацыі, падтрымка з боку Міністэрства аховы здароўя і ўрада, каб спецыялісты маглі аб’ектыўна ацаніць сітуацыю, а таксама меры, якія прымаюцца, і даць неабходныя рэкамендацыі, — растлумачыў прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

22 сакавіка дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ганс Клюге накіраваў міністру беларускага Міністэрства аховы здароўя ліст, у якім адзначалася, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя падтрымлівае дзеянні Міністэрства аховы здароўя па раннім выяўленні віруса COVID-19, адсочванні кантактаў і іх ізаляцыі, а таксама па прафесійным аказанні дапамогі пацыентам.

У ходзе сённяшняй размовы Ганс Клюге, па словах прадстаўніка СААЗ у Беларусі, падкрэсліў, што сітуацыя развіваецца вельмі хутка, адпаведна, меры, якія прымаюцца краінай, павінны таксама хутка карэктавацца і адпавядаць эпідэміялагічнай сітуацыі.

— Казаць аб маштабных каранцінных мерах на дадзеным этапе заўчасна — да правядзення ацэнкі місіяй экспертаў СААЗ, — адзначыў Батыр Бердыклычаў.

Дзень прыбыцця місіі СААЗ у Беларусь назваць не змаглі, кажуць, што робяць усё магчымае, каб спецыялісты прыехалі як мага хутчэй, але сітуацыю ўскладняе абмежаванне палётаў па ўсім свеце.

Па словах Батыра Бердыклычава, вельмі важна своечасова інфармаваць насельніцтва аб распаўсюджванні віруса.

— Інфармаванне павінна быць рэгулярным і досыць адкрытым, каб насельніцтва мела поўную інфармацыю пра рызыкі, пра тое, як сітуацыя развіваецца, і якія меры прымаюцца. Недахоп інфармацыі можа справакаваць страх, таму важны элемент барацьбы з эпідэміяй — уцягванне насельніцтва, — падкрэслівае Бердыклычаў. — Міністэрства аховы здароўя выконвае меры, якія знаходзяцца ў яго кампетэнцыі, але такая надзвычайная сітуацыя, таксама патрабуе міжведамаснага падыходу — трэба актывізаваць узаемадзеянне паміж усімі міністэрствамі і ведамствамі і па медыцынскай частцы, і па эканамічнай часткі, і па сацыяльнай падтрымцы.

— Міністэрства аховы здароўя больш не дае інфармацыю аб колькасці заражаных каранавірусам. Вы лічыце гэта адэкватна сітуацыі? 

— Мы абмяркоўваем з Міністэрствам аховы здароўя гэтае пытанне. І вядома, лічым, што калі б падача інфармацыі была больш рэгулярнай і поўнай, было б значна лепш. Наша рэкамендацыя досыць выразная і моцная — палепшыць гэты кампанент, адназначна.