28 сакавіка старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец правёў прамую лінію. Як паведамляюць на сайце райвыканкама, да старшыні звярнуліся больш за 20 чалавек.
Жыхарка Куранца скардзілася на вялікую лужыну на вуліцы Вілейскай з боку Снежкава. Разабрацца ў сітуацыі старшыня даручыў свайму намесніку Аляксандру Катовічу, пры неабходнасці падсыпаць і грайдзіраваць.
Жыхар дома па Талстога, 38, што ў Вілейцы, паведаміў, што кіроўцы не выконваюць хуткасны рэжым і ездзяць па дварах дакладна з большай хуткасцю, чым 20 кіламетраў у гадзіну. Праблему будзе вырашаць ДАІ.
Цікавіліся таксама, калі запусцяць ваданапорную вежу для індывідуальнай забудовы «Каловічы». На што старшыня адказаў: вада ўжо будзе летам.
Жыхар Куранца паставіў пытанні пра добраўпарадкаванне вуліц у мястэчку, вываз смецця з могілак, неарганізаваную звалку ў закінутым кар’еры і добраўпарадкаванне магілы лётчыка часоў Другой сусветнай, што ёсць у Куранцы. Пытанні перадалі на кантроль адпаведным службам.
Жыхары Селішча расказалі, што вадой ім можна карыстацца толькі па раскладзе. І на раніцу яе трэба назапасіць з вечара. Пытанне абяцалі ўрэгуляваць за пару дзён.
Жыхары інтэрната №3 Вілейскага дзяржкаледжа прасілі дзіцячую пляцоўку. З Гагарына звярнуліся з просьбай адрамантаваць двор, з Камарова – дах.
• Текст доступен на языке: Русский