У сувязі з пандэміяй каранавіруса змяніўся рэжым працы некаторых устаноў у рэгіёне. Адны цалкам сышлі ў анлайн, іншыя працуюць ужывую, але адзначаюць, што кліентаў стала менш.

Выкладчыца польскай мовы: добра, што не засталася без працы ў цяжкі час

Маладзечанка Алеся чатыры гады выкладае польскую мову дарослым і падлеткам. Працуе ў прыватным адукацыйным цэнтры ў Мінску, дзе да гэтага яе заняткі былі толькі ўжывую.

– У цэнтры заўсёды была паслуга «навучанне праз скайп», і мне часта прапаноўвалі ўзяць вучня і займацца з ім па скайпе індывідуальна. Але я адмаўлялася, бо люблю кантактаваць ужывую, – дзеліцца Алеся.

Але цяпер з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі ўжо трэці тыдзень выкладчыца са сваімі вучнямі працуе выключна анлайн. Цэнтр выкупіў выкладчыкам платны доступ да платформы Зум, навучылі ёй карыстацца.

Хаця і дагэтуль выкладчыкі вучацца на хаду і часам у чаце з’яўляюцца фразы тыпу «О! А што гэта за кнопачка?».

– Першыя заняткі быў касячныя, – прызнаецца суразмоўца. – Пакуль кожны наладзіў гук, экран, паціскаў усе кнопачкі. Нас некалькі разоў выкідала, даводзілася ўсё пачынаць наноў. Але далей пайшло вельмі добра. Я купіла навушнікі з мікрафонам, бо мне важна чуць выразнае маўленне.

Выкладчыцы цяпер трэба даўжэй рыхтавацца да заняткаў. У яе да кожнай тэмы ёсць карткі, карцінкі, праверачныя работы. Але гэта ўсё на паперы. Цяпер раздатачны матэрыял трэба пераводзіць у электронны выгляд, праверачныя работы ствараць на спецыяльных анлайнавых платформах. Але Алеся не бядуе, бо разумее: напрацоўвае сабе базу матэрыялаў, якой будзе карыстацца пасля.

– Вялікі плюс, што выкладчыкі не засталіся без працы ў гэты цяжкі час. Заўсёды будуць тыя, хто захоча вывучыць мову анлайн. А інтэрнэт не мае межаў. Ужо цяпер у мяне набіраецца анлайн-група, дзе будуць людзі з Беларусі, Расіі, Польшчы, – кажа выкладчыца.

Па яе словах, заняткі сталі больш дамашнімі. Вучні ўключаюць відэа, а Алеся бачыць, як нехта сядзіць у абдымку з падушкай, у кагосьці на заднім плане мільгае кот, нехта п’е каву.

– Вядома, вучням цяжэй сканцэнтравацца на занятках, калі яны сядзяць дома, асабліва падлеткам. Вялікая спакуса падчас такіх заняткаў цішком гартаць стужку інстаграма. Але агулам усе ставяцца з паразуменнем. Лічаць, што лепш займацца анлайн, чым прыпыняць заняткі.

Адукацыйны цэнтр: анлайн прынялі і студэнты, і выкладчыкі

Некалькі дзён таму цалкам сышоў у анлайн і адукацыйны цэнтр у Маладзечне. Заснавальнікі распавялі, што робяць гэта дзеля сваіх супрацоўнікаў і вучняў. Офіс зачынілі ад 1 красавіка.

– Пакуль не ўсе групы паспрабавалі займацца дыстанцыйна. Але сярод тых, хто спрабаваў, негатыву не было. Толькі адна жанчына сказала, што не зможа ўдзельнічаць, бо надоўга з’язджае на лецішча, дзе не будзе інтэрнэту, – кажа сузаснавальніца адукацыйнага цэнтра Валянціна Сідоркіна.

Па словах Валянціны, яна гутарыла і з выкладчыкамі, і з вучнямі. Нараканняў няма. Усе лічаць анлайн прымальнай ініцыятывай.

– Ні выкладчыкі, ні мы самі не ўмелі працаваць у праграме Зум. А цяпер разабраліся, вывучылі. Часам знаходзім нейкія новыя функцыі. Запісваем відэа для настаўнікаў, як карыстацца. Для працы набылі два платныя акаўнты ў праграме Зум, – расказала Валянціна.

Турфірма: турысты ўжо цікавяцца Затокай і Адэсай

Мы таксама звязаліся з адной турыстычнай фірмай у Маладзечне і распыталі, наколькі пандэмія паўплывала на іх працу. Па словах супрацоўнікаў, замоў стала крыху менш. Але фірма па-ранейшаму працуе.

– Людзі менш цікавяцца еўрапейскімі краінамі, але ўжо пачынаюць распытваць пра адпачынак ва Украіне: Адэсе, Затоцы, Коблеве. Турыстычны сезон у гэтых мясцінах пачынаецца ад сярэдзіны чэрвеня. Часу яшчэ шмат. Спадзяёмся, што за месяц-другі межы адкрыюцца, – распавялі тут.

У турфірме прагназуюць, што якраз украінскія курорты будуць сёлета больш папулярнымі. Гэта і даступна, і больш бяспечна.

Як распавялі работнікі, замовы ва Украіну ўжо ёсць. Кліентаў прываблівае тое, што бронь робіцца без перадаплаты і што ранняе браніраванне гарантуе крыху ніжэйшыя цэны.

• Текст доступен на языке: Русский