Фота qs.com.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі па-ранейшаму не дае дакладныя лічбы заражаных каранавірусам ад пачатку пандэміі, але перадае іх у МНС.

Сутачную зводку па хворым апублікавалі ў телеграм-канале Nexta. Яе сапраўднасць TUT.BY пацвердзілі некалькі крыніц, але афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі адмовіўся каментаваць дакумент.

— Інфармацыю з гэтага телеграм-канала я вельмі даўно перастаў каментаваць, калі гэта не датычыцца надзвычайных сітуацый, якія ліквідуе МНС, — адзначыў Віталь Навіцкі.

Па дадзеных у апублікаваным дакуменце на 31 сакавіка, Міністэрства аховы здароўя паведаміла ў МНС, што ў Беларусі зарэгістравалі 215 выпадкаў заражэння каранавірусам. У Мінску — 102, у Віцебскай вобласці — 66, у Гомельскай — 9, Гродзенскай вобласці — 4, Мінскай вобласці — 33, у Магілёўскай — 1. Памёр адзін чалавек. Паправіліся 53 чалавекі.

У апошнім паведамленні Міністэрства аховы здароўя гаварылася пра тое, што ў Беларусі памерлі два пацыенты, у якіх быў выяўлены каранавірус. Агульная колькасць выпадкаў каранавіруса ў Беларусі Міністэрства аховы здароўя ад 31 сакавіка не паведамляе. 30 сакавіка гаварылася пра 152 выпадкі.

Нагадаем, СААЗ заклікала Беларусь палепшыць інфармаванне грамадзян аб сітуацыі з каранавірусам у краіне:

— Насельніцтва павінна мець поўную інфармацыю пра рызыкі і пра тое, як сітуацыя развіваецца і якія меры прымаюцца. Недахоп інфармацыі можа справакаваць страх.