Карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» 26 сакавіка з’ездзілі ў вёскі на Вілейшчыне, каб высветліць, ці хвалюе мясцовых жыхароў пандэмія каранавіруснай інфекцыі.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

«Мыю рукі сабе і дачцэ»

У Вязыні пасля абеду – спакойны дзень. Людзі ідуць з працы, маладыя мамы гуляюць з дзецьмі, а на маленькім стадыёне бегаюць дзяўчаткі. На калодзежы каля крамы вісіць аб’ява: «Вядзецца вакцынацыя супраць грыпу, звяртайцеся да доктара ў амбулаторыю».

Аб’ява пра выкцынацыю. Фота Настассі УТКІНАЙ.

«РГ» паразмаўляла з Настассяй, якая гуляла па Вязыні разам з двухгадовай дачкой Дамінікай. Жанчына кажа, што ў вёсцы ніхто каранавіруса не баіцца. Сама Настасся бачыць шмат навін пра захворванне па тэлевізары і ў інтэрнэце.

Настасся з дачкой Дамінікай. Фота Настассі УТКІНАЙ.
А гэта Умка, сабака Настассі з Вязыні. Фота Настассі УТКІНАЙ.

– Прыходзім з вуліцы, мыю рукі сабе і дачцэ. Нічога спецыяльнага не рабілі. Толькі хадзілі ў амбулаторыю і рабілі прышчэпкі.

«На працы пра каранавірус нічога не кажуць»

Каля вязынскага калгаса сустракаем Уладзіміра Грыпініча. Уладзімір 28 гадоў працуе трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Ён падзяліўся, якія меры прымае супраць COVID-19:

– Я не баюся, але рукі і твар мыю, нават ноздры прамываю. Дамашнія таксама ўсё гэта робяць.

Уладзімір Грыпініч. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Па словах Грыпініча, на каранавірус хварэюць людзі сталага ўзросту, таму ён і не хвалюецца.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

– Ведаеце, тут бы да пенсіі дажыць, узрост усё падымаюць і падымаюць. Што гэты каранавірус!

Фота Настассі УТКІНАЙ.

Вязынскія рыбакі

На мосце на Іліі ў Вязыні побач з царквой шматлюдна. Рыбакі з раніцы займаюць лепшыя месцы, каб вылавіць пабольш рыбы. Мужчыны паказваюць улоў, але перапытваюць:

– А вы дакладна прэса? Не пасадзіце нас?

Фота Настассі УТКІНАЙ.
Фота Настассі УТКІНАЙ.

Адзін з рыбакоў адказаў, што сядзіць на мосце ад раніцы, а пасля абеду людзей стала менш. Ён падзяліўся меркаваннем наконт пандэміі каранавіруса ў свеце:

– А чаго мне баяцца? Мы ж не ў Італіі, дзе ўсе паміраюць.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

У Асцюковічах рыхтуюцца да лета

На трасе з Вязыні да Ільі знаходзіцца вёска Асцюковічы. У першым двары працуюць двое мужчын – Іван Булко і Аляксандр Непакупны. Іван жыве ў Мінску, месяц таму памерла сваячка, а за домам і жыўнасцю трэба ж даглядаць. Таму ён стаў часта прыязджаць, а цяпер рыхтуе разам з суседам Аляксандрам сад.

Аляксандр Непакупны і Іван Булко. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Іван і Аляксандр кажуць, што з-за каранавіруснай інфекцыі яны не хвалююцца.

– Каранавіруса мы не баімся. Няма часу, іншыя справы ёсць, – тлумачыць Іван.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

Па словах мужчын, людзей павінна турбаваць адсутнасць працы і маленькія зарплаты. Аляксандр прыводзіць прыклад знаёмай, якая ездзіць на працу ў Мінск з Асцюковічаў кожны дзень. Усё з-за таго, што ў вёсцы нічога не заробіш, а ў сталіцы атрымаеш за працу ў некалькі разоў больш.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

– Паглядзіце на вёску. Тут дзве-тры хаты, у якіх яшчэ жывуць людзі. І ўсе сталыя. Маладыя з’язджаюць, ім тут няма чаго рабіць. Людзей не каранавірус хвалюе, а праца.