2 красавіка ў вёсцы Раёўка на Маладзечаншчыне гарэў жылы дом. Калі пачаўся пажар, у доме былі жанчына з двума непаўналетнімі дзецьмі, распавяла інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскага ГРАНС, Марына Ганчарова.

Палаючы дом усе пакінулі самастойна. Што з’явілася прычынай пажару, будуць высвятляць спецыялісты. Вядома, што пажарнага апавяшчальніка ў доме не было.

Пра тое, што з-пад даху дома ідзе дым выратавальнікам, паведаміла суседка, у дом якой прыйшлі  пагарэльцы. Калі прыехалі спецыялісты, жылы дом плошчай больш за чатырыста квадратных метраў гарэў адкрытым полымем.

Агонь знішчыў дах і перакрыцці дома, адзін пакой. Пашкоджаныя канструкцыі і маёмасць у доме. Пацярпелых няма.

ГРАНС Маладзечна нагадвае, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік выяўляе загаранне на ранняй стадыі і апавяшчае пра яго. Гэта дазваляе выйграць час, зменьшыць матэрыяльны ўрон, выратаваць жыцці і захаваць здароўе ў выпадку пажару. Згодна з правіламі пажарнай бяспекі, кожны жылы пакой павінен быць абсталяваны апавяшчальнікам. Гэтыя прыборы працуюць у аўтаномным рэжыме: канструкцыя не прадугледжвае правадоў і падключэння да інжынерных сетак памяшкання. Прыбор рэагуе на дым і выдае гучны гукавы сігнал, здольны пабудзіць чалавека, які спіць.

Абсталяваць жылыя памяшканні ў дамах і кватэрах пажадана кожнай сям’і. Асабліва сур’ёзна паставіцца да гэтага мерапрыемства рэкамендавана сем’ям, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці або пражываюць сталыя людзі. Пры надзвычайных сітуацыях тэлефануйце 101 або 112.

Фотаздымкі з месца здарэння забяспечаныя Марынай Ганчаровай.

• Текст доступен на языке: Русский