Так выглядае двор Аляксея ў Маскве. Да каранціна машын у разгар працоўнага дня амаль не было. Фота Аляксея Лукашэвіча.

Ураджэнец Ашмянаў Аляксей Лукашэвіч некалькі год жыве і працуе ў Маскве. Хлопец расказаў карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» пра тое, як жыве Масква падчас каранціну.

Скуплялі макароны і грэчку

– З пачаткам каранавіруса было дзве невялікіх хвалі харчовай панікі, – кажа Аляксей. – Першая, калі папаўзлі чуткі аб магчымым каранціне, другая – калі аб’явілі, што будуць непрацоўныя дні.

Па словах суразмоўцы, у крамах скуплялі макароны, грэчку, іншыя крупы

У дні панікі можна было ўвечары не знайсці тавара ў краме, але зранку паліцы былі запоўненыя.

У асобных крамах нават выстаўлялі побач з паліцамі паддоны грэчкі, макаронаў, круп, каб народ бачыў, што тавару хапае. Так ажыятаж на прадукты спаў.

Масква апусцела

– Вырас попыт на індывідуальныя маскі, – працягвае Аляксей. –  У аптэках іх не знайсці, у анлайн-крамах скончыліся нават па вялікім кошце.

Але у сацсетках, чатах народ аб’ядноўваецца і праз знаёмых знаходзіць і набывае маскі невялікімі партыямі.

З пачаткам абавязковай самаізаляцыі Масква апусцела. Машын паменела недзе на 60-70 працэнтаў. Людзей на вуліцы яшчэ менш. Тыя, хто выходзяць – большасць у масках.

Ля ўвахода ў у метро паліцыя. Але ніякіх дзеянняў не прадпрымаюць.

Транспарт працуе, але народу ў ім няшмат.

Аляксей Лукашэвіч. Фота забяспечанае героем публікацыі.

Па словах Аляксея, большасць працадаўцаў, якія маглі, перавялі сваіх працаўнікоў на рэжым працы з дому. У офіс ходзяць толькі па пэўнай патрэбе. Працягвае працаваць вытворчасць з бесперапынным цыклам, працуюць склады. Значна вырасла патрэба на службы дастаўкі, якія працуюць нон-стопам. Яны нават пашыраюць штат.

А вось кафэ, фітнэс, салоны прыгажосці, а таксама крамы з адзеннем, электронікай зачыненыя. Працуюць толькі прадуктовыя крамы і тыя, дзе прадаюць тавары для жывёл.

Пакуль Масква і вобласць жыве ў рэжыме абавязковай самаізаляцыі, які працягнулі да канца красавіка.

Ад нядаўняга часу ўвялі штрафы за парушэнні рэжыму.

У дамах кожную раніцу санітарная апрацоўка. Раней была раз-два на тыдзень, у залежнасці ад сезону. Каменданцкай гадзіны няма. Шмат фэйкаў і чутак было ў інтэрнэце, але не падцвердзілася.

Цяпер, заўважае Аляксей, ніякай панікі няма.

Але калі на пачатку ўсё ўспрымалася як быццам нас гэта не кране, то цяпер абсалютная большасць знаёмых, калег успрымаюць меру самаізаляцыі як правільную і патрэбную. Мінімізавалі знаходжанне на вуліцы, наведванне крамаў, сядзяць па кватэрах, адзначае Аляксей.

І прыводзіць прыклад: у знаёмага кіраўнік зацягваў з пераводам людзей на працу дома. Тады калектыў напісаў афіцыйны зварот і прыгразіў паскардзіцца ў мэрыю і пракуратуру. Падпісаліся ўсе. Перавялі без наступстваў. Зараз працуюць з дома.

• Текст доступен на языке: Русский