Фота teris.com.

У 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска памерла 67-гадовая жанчына. У яе хуткацечна развіўся ацёк лёгкіх, а тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік.

Муж жанчыны цяпер таксама ляжыць у бальніцы. «Госпадзе, бедная мая дзяўчынка… Яна ўвесь час сядзела дома, была на пенсіі. Схадзіла толькі ў паліклініку за тыдзень да смерці, па рэцэпт», — расказаў ён «Нашай Ніве».

Жанчыне стала кепска ў нядзелю, 29 сакавіка. Уначы тэмпература падскочыла да 39 градусаў. Муж выклікаў хуткую, але жонка адмовілася ад шпіталізацыі, хоць і былі падазрэнні на пнеўманію. Днём у панядзелак у сям’ю прыйшла ўчастковы тэрапеўт, паслухала жанчыну і настаяла на шпіталізацыі. Пасля абеду хворую адвезлі ў 2-ю гарадскую клінічную бальніцу.

У аўторак муж прынёс ёй неабходныя рэчы — посуд, бялізну. Сустрэцца не дазволілі, толькі перагаварыць па тэлефоне.

«Потым пачаў тэлефанаваць ёй пасля ціхай гадзіны — не бярэ слухаўку. Патэлефанаваў яшчэ праз гадзіну — не бярэ. Я на пост пазваніў, сказалі, што яна ў рэанімацыі. А раніцай у сераду мне патэлефанавалі, што жонка памерла а першай гадзіне ночы, — пераказвае тыя падзеі мужчына. —

Ужо пасля абеду, калі я прыйшоў дадому, мне патэлефанавалі з паліклінікі і сказалі, што тэст у жонкі на каранавірус станоўчы. Мяне выклікалі ў паліклініку. Загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення мяне праслухала — лёгкія быццам чыстыя, тэмпературы не было наогул. Сказала, што, як будзе вынік майго тэсту, патэлефануюць.

А бліжэй да ночы я гляджу — у мяне тэмпература 37,4. Выклікаў хуткую, і мяне прывезлі ў бальніцу. Чакаю выніку».

Цяпер мужчына знаходзіцца на каранціне ў Мінскім анкалагічным цэнтры, што каля Акадэміі навук, частку якога перапрафілявалі цяпер пад прыём каранавірусных кантактаў. Адчувае сябе добра — толькі невялікая тэмпература і крыху баліць горла.

Мужчыну 65 гадоў. Да таго як трапіў на каранцін, хадзіў на работу. Кажа, у калектыве пра сітуацыю ўжо ведаюць: «Усё пад кантролем. Нехта ўжо тэст нават рабіў, з кім я сустракаўся ў пятніцу».

Мужчына расказвае, што ў яго жонкі былі праблемы з сэрцам і інсулінавы дыябет.

«Была пнеўманія і сардэчная недастатковасць, і ў выніку ацёку лёгкіх яна памерла… Госпадзе, бедная мая дзяўчынка… Яна ўвесь час сядзела дома, была на пенсіі. Схадзіла толькі ў паліклініку за тыдзень да смерці, па рэцэпт, у яе шмат лекаў».

Пахаваннем яго жонкі займаецца агент. «У нас складзеная дамова. Нікога не пускаюць [на пахаванне]. Гэта крэмацыя будзе, я ўжо забяру ўрначку», — кажа муж.

• Текст доступен на языке: Русский