Фота ostrovets.by.

Генеральны штаб Узброеных Сіл правярае гатоўнасць мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Гродзенскай вобласці да фарміравання органаў кіравання і воінскіх часцей тэрытарыяльных войскаў.

31 сакавіка начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны-намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Руслан Касыгін уручыў старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміру Краўцову распараджэнне на фарміраванне штаба і асобнага стралковага батальёна тэрытарыяльных войскаў Астравецкага раёна.

У той жа дзень на пасяджэнні рабочых груп Гродзенскага абласнога і Астравецкага раённага выканаўчых камітэтаў вызначылі першачарговыя задачы службовым асобам для поўнага і якаснага выканання распараджэння.

У адпаведнасці з прынятым рашэннем у Астравецкім раёне падрыхтаваны месцы прыёму і разгорнутыя пункты збору ваеннаабавязаных.

2 красавіка пачаўся прыём афіцэраў запасу для фарміравання тэрытарыяльных войскаў раёна.