Фота by.tribuna.com.

Кіраўнік праекта «Трыбуна Беларусь» Максім Беразінскі напісаў у сваём блоге на спартыўным партале аб патрэбе спыніць беларускі чэмпіянат.

Беразінскі прыводзіць тры прычыны, чаму АБФФ трэба спыніць чэмпіянат Беларусі.

— Футбол (і хакей, дарэчы, таксама) супярэчаць усім рэкамендацыям Міністэрства аховы здароўя, СААЗ і беларускіх доктараў, якія сёння гераічна змагаюцца з гэтым нашэсцем бяды і просяць усіх сядзець дома, — піша Беразінскі.

Па-другое, як кажа кіраўнік «Трыбуны», чэмпіянат Беларусі ніяк не паўплывае на эканамічную сітуацыю ў краіне, а «дзяржпрадпрыемства змогуць зэканоміць трохі грошай, калі будзе прынята рашэнне скараціць зарплаты футбалістам на час прастою».

І па-трэцяе, Беразінскі задае пытанне: навошта рызыкаваць?

— У чым неабходнасць? Паказаць, што мы крутыя? Ну, усе ўжо больш-менш зразумелі, аддалі належнае, дзесьці паржалі. Можа, хопіць?

Трэці тур чэмпіяната Беларусі пройдзе 3 красавіка. Сёння згуляюць «Белшына» і «Гарадзея», «Дынама-Мінск» і «Тарпеда».

Нагадаем, што беларускі чэмпіянат застаецца адзін у Еўропе, які не спынілі з-за каранавіруснай інфекцыі.