Што рабіць бацькам, каб дзіця было паспяховым у жыцці. Існуе шмат поглядаў розных спецыялістаў на гэту тэму, напісана шмат кніг. Але паспяховымі ўсё ж становяцца адзінкі.

Я працую выхавальнікам у звычайным дзіцячым садку. На маіх вачах растуць маленькія людзі, якія штодзень дэманструюць свае маленькія поспехі мне і сваім бацькам. І робяць дзеці гэта, каб даведацца пра сябе і свае здольнасці, атрымаць падтрымку, любоў ад аўтарытэтных для іх людзей.

«Мамачка, паглядзі, як я зляпіла мядзведзіка з пластыліну!» або «Ці бачыш, як добра атрымалася ў мяне наклеіць самалёцік?», «Уяўляеш сабе, сёння мы малявалі дыванкі! Вось гэты мой!», «Паслухай, як я спяваю песеньку пра маму».

Пахвала дзіцяці – як заробак даросламу

На жаль, рэакцыя бацькоў не заўсёды такая, якую чакаюць дзеці. У лепшым выпадку, гэта некалькі слоў, што хлопчык ці дзяўчынка – малайцы, прыгожа зрабілі. Але здараецца, бацькі, спяшаючыся, забіраюць сына ці дачку дадому, тлумачачы, што няма часу, яшчэ ёсць шмат спраў. Вочы дзіцяці патухаюць, матывацыя знікае. Так, з дня ў дзень, у дзяцей фарміруюцца свае каштоўнасці, здольнасці, самаацэнка, уменні і навыкі – усё тое, што складае паспяховасць чалавека.

Разумею, што бацькі паступаюць так несвядома: інтэнсіўны рытм сучаснага жыцця не любіць павольных, шматлікія абавязкі на рабоце і дома стамляюць. Ды і не ўсе бацькі валодаць педагагічнымі методыкамі, каб правільна ацаніць творчую работу дзіцяці.

Але давайце паглядзім на падобную сітуацыю з іншага боку, на прыкладзе працы дарослага чалавека, напрыклад, прадаўца. Прадавец магазіна прымае тавары, раскладвае іх, абслугоўвае пакупнікоў, вядзе справаздачу, нясе матэрыяльную адказнасць і многае іншае. За выкананне пералічаных задач ён атрымлівае заробак, прэмію. Як бы адрэагаваў прадавец, калі б яму не заплацілі? Ці адчуў бы ён каштоўнасць сваёй працы, матывацыю працаваць лепей?

У дзяцей адбываецца тое самае, калі іх праца была дарэмнай і непатрэбнай. Яны хоць і маленькія, але добра ўсведамляюць рэчаіснасць і хочуць адчуць сваю каштоўнасць, атрымаць частку бацькоўскай увагі.

Хтосьці выкіне ў сметніцу, хтосьці павесіць на сцяну

У дашкольным узросце дзеці вельмі прывязаныя да сваіх бацькоў. Ім патрэбная пяшчота, любоў. Таму ўсё, што дзеці так старанна робяць: лепяць, малююць, клеяць, будуюць, яны робяць дзеля або для мамы і таты. Пасля хочуць забраць сваю работу дамоў для бацькоў. Далей лёс дзіцячых работ залежыць ад дарослых. Некаторыя нясуць у бліжэйшы сметнік. Іншыя захоўваюць у спецыяльных папках, альбомах, вешаюць на сцяну, пераўтвараючы яе ў дошку гонару для дзіцяці.

Дзеці такіх бацькоў заўсёды радасна дэманструюць свае поспехі, яны адчуваюць сябе любімымі, паводзяць упэўнена, смела, бо за іх плячыма падтрымка цэлай сям’і. А яшчэ такія дзеці вырастаюць у дарослых, якія з павагай адносяцца да вынікаў працы людзей.

Акрамя таго, захаванне дзіцячых работ можа стаць цудоўным матывацыйным інструментам для чалавека ў будучым. Памятаю выпадак з адным знаёмым хлопчыкам, у якога не атрымлівалася вывучыць у школе табліцу множання. Хлопчык ужо быў у роспачы. Але мама дастала альбом з яго рознымі работамі, якія яна збірала з дзіцячага садка, і сказала: «Паглядзі, які ты ў мяне таленавіты! Колькі ўсяго складанага і прыгожага зрабіў. Няўжо мы разам не справімся са звычайнай табліцай множання?» Пасля такой матывацыі табліцу хлопчык паспяхова вывучыў.

Навошта дошка гонару ў дзіцячым пакоі

Калі не хапае веры ў свае сілы, рэальнай падтрымкай можа стаць дошка гонару на сцяне ці альбом з лепшымі работамі, створаныя клапатлівымі бацькамі.

Калі быць уважлівымі і цікавіцца жыццём свайго дзіцяці, то поспехі можна адзначаць кожны дзень нават у дашкольным узросце: правільна вымаўлены гук, вывучаныя новыя словы, набытае ўменне зацягваць замок на куртцы, завязваць шапачку, выразна прачытаны верш на памяць, самастойны адыход да сну, сабраныя цацкі. Усё гэта варта бацькоўскай увагі і пахвалы.

А каб захаваць важныя моманты, можна рабіць фотаздымкі або відэа, магчымасці для гэтага цяпер ёсць у кожнага. І дзеці, і дарослыя вельмі любяць рабіць сэлфі. Няхай гэтыя фотаздымкі будуць больш змястоўнымі, матывуючымі і пазітыўнымі.

Лепш выхоўваць моцных духам дзяцей, чым дапамагаць потым зламаным дарослым. Паспяховасць расце разам з чалавекам. І для бацькоў, якія жадаюць свайму дзіцяці лепшага, сакрэт просты: паспець своечасова заўважыць здольнасці сына ці дачкі, падтрымаць, пахваліць, запаліць агеньчык жадання да дзеянняў, любіць і верыць у сваё дзіця.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский