4 красавіка ў Ашмянах правяралі людзей, якія знаходзяцца на самаізаляцыі.

Прадстаўнікі тэрапеўтычнага аддзялення раённай бальніцы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённага аддзела ўнутраных спраў правяралі тых, хто нядаўна вярнуўся з краін з дрэннай эпідэміялагічнай сітуацыяй праз каранавірус або з’яўляецца кантактам другога ўзроўню, і павінны выконваць двухтыднёвы рэжым самаізаляцыі.

У Ашмянскім раёне на раніцу 4 красавіка ў спісе 37 чалавек.

Гэта лічба можа мяняцца, так як адны здымаюцца з «уліку», іншыя, наадварот, на яго становяцца.

4 красавіка дактары і міліцыянеры правяралі 15 чалавек без папярэджання. Прадстаўнікі мабільнай групы цікавіліся самаадчуваннем чалавека, наяўнасцю тэмпературы, ці добрасумленна ён выконвае рэжым самаізаляцыі.

Галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Кунц сказаў, што дактары ведаюць усю неабходную інфармацыю пра людзей, якія павінны выконваць рэжым самаізаляцыі.

— У абавязковым парадку з усімі стэлефаноўваемся, цікавімся здароўем. Сёння пад наглядам дактароў у інфекцыйным аддзяленні бальніцы знаходзяцца 3 чалавекі. Стан іх здароўя здавальняючы. Усім ім зроблены тэст на COVID-19. Вынік — адмоўны.

Мабільная група зафіксавала адзін выпадак, калі той, хто павінен знаходзіцца ў самаізаляцыі, на момант візіту дома адсутнічаў.

— Мы цесна ўзаемадзейнічаем з Ашмянскім РАУС, супрацоўнікі якога дапамагаюць знайсці людзей, якія могуць распаўсюджваць каранавірус. З тымі, хто парушыў рэжым самаізаляцыі, будуць праведзены дадатковыя прафілактычныя гутаркі, прынятыя неабходныя меры, — сказаў Уладзімір Кунц.