Фота Настассі УТКІНАЙ.

Пра гэта карэспандэнту расказала памочнік пракурора Вілейскага раёна Наталля Стрэж.

Прыгавор двум жыхарам Вілейкі зачыталі 1 красавіка. Яшчэ ў канцы мінулага года 55-гадовы і 40-гадовы жыхары Вілейкі патрацілі з чужой карты больш за 60 рублёў.

У лістападзе 55-гадовы віляйчук заўважыў, як ў банкамаце, што каля «Зеніта», жанчына забылася картку. Ён забраў картку і пайшоў з ёй да свайго саракагадовага знаёмага. Расказаў яму пра знаходку, прапанаваў выпіць. Спачатку набылі спіртнога на 14 рублёў. Калі старэйшы фігурант выпіў і заснуў, маладзейшы сам набываў спіртное ў крамах і кафэ ў Вілейцы. Тавар браў на такую суму, каб не трэба было ўводзіць пін-код. У выніку патраціў яшчэ 48 рублёў 98 капеек.

Па словах Наталлі Стрэж, падчас папярэдняга расследавання, мужчыны прызналі сваю віну, раскаіліся. Старэйшы фігурант кампенсаваў пацярпелай усё патрачаную суму.

Асудзілі мужчын па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютэрнай тэхнікі.

Прыгавор суда наступны: 55-гадовы віляйчук атрымаў штраф 810 рублёў, саракагадовы – абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін паўтара года. Абодва будуць таксама прымусова лячыцца ад алкагалізму.

Як адзначыла Наталля Стрэж, павялічылася колькасць злачынстваў з банкаўскімі карткамі. Таму пракуратура нагадвае, што картка заўсёды павінна быць з сабой. Старайцеся не забываць яе ў банкамаце, не насіце разам з карткай пін-код.

• Текст доступен на языке: Русский