6 красавіка 1999 года не стала Генадзя Карпенкі (1949–1999), дэпутата і члена Прэзідыума Вярхоўнага Савета 12-га склікання, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання, старшыні Маладзечанскага гарвыканкама (1991–1994), члена-карэспандэнта АН Беларусі.

Пра яго ўспамінае ягоны паплечнік Валер Костка.

«Будзеш прыкрываць мяне са спіны»

Валер Костка.

У 1988-м я пераехаў у Маладзечна, працаваў старэйшым операм у палку ўрадавай сувязі, а Карпенка працаваў дырэктарам завода, але тады мы знаёмыя былі слаба. На выбарах у 1990-м быў кандыдатам у Мінскі абласны савет, і мая акруга ўваходзіла ў акругу па выбарах у Вярхоўны Савет 12-га склікання, куды балатаваўся Генадзь Карпенка. Тады мы ўжо разам праводзілі сустрэчы з выбарнікамі, у Маладзечне.

Я стаў дэпутатам абласнога, ён — Вярхоўнага Савета. У 1991 годзе, калі Беларусь дамаглася незалежнасці, я пачаў выпрацоўваць прапановы для рэфармавання КГБ, ператварэння яго з сістэмы палітычнага вышуку ў спецслужбу, якая б займалася замежнай выведкай, контрвыведкай, антытэрорам — тым, што забяспечвае існаванне дзяржавы. З маімі прапановамі не пагаджаўся старшыня КДБ Шыркоўскі, які баяўся, што пры рэфармаванні будзе прызначаны іншы кіраўнік. У верасні 1992-га мы прынялі прысягу на вернасць Беларусі на плошчы — потым усіх афіцэраў звольнілі.

А ў 1993-м я быў вымушаны напісаць рапарт: напісаў, што КДБ не падлягае рэфармаванню, працягвае займацца палітычным вышукам, з КДБ звальняюць нацыянальна свядомых афіцэраў, і папрасіў мяне звольніць. Хацелі звольніць праз службовую неадпаведнасць, але не было такіх падстаў. І тады Карпенка прапанаваў мне ісці працаваць да яго — кіраўніком спраў Маладзечанскага гарвыканкама, дзе ён быў старшынёй. Як ён выказаўся: «Будзеш прыкрываць мяне са спіны». З таго часу мы працавалі разам.

Кіраўнік спраў — гэта чалавек, у якога знаходзіцца гербавая пячатка і праз якога праходзяць паперы і фінансавая дакументацыя. І я стараўся страхаваць Карпенку, каб не было ніякіх «падстаў» і правакацый.

Сам жа Карпенка быў вельмі сумленным і маральным чалавекам. Ён, я ведаў, ніколі не ўдарыць цябе нажом у спіну. Ён мог непрыемныя нейкія рэчы ў вочы табе сказаць, але каб за спінай — не. І ў гэтым сэнсе ён быў падобны да Пазняка. Яны абодва падобныя ў сэнсе сумленнасці. Яны рэзкія бывалі, але мараль і сумленне для іх заўсёды былі на першым плане.

«А тут прыйшоў дэмакрат і пачаў змены»

Карпенка быў вельмі камунікабельны чалавек і мог знайсці агульную мову нават з тымі, хто адмоўна да яго ставіўся. З тымі ж камуністамі. Хаця камуністы і ветэраны не надта добра ўспрынялі ягоны прыход на пасаду мэра Маладзечна. Раней тую пасаду займаў Стахоўскі, былы першы сакратар, а тут прыйшоў дэмакрат і пачаў змены.

Я і цяпер чую добрыя словы пра Карпенку ад тых, хто з ім працаваў, таму што на працу ішлі як на свята, з ім было лёгка працаваць і заўсёды быў нейкі вынік. І што галоўнае — людзі бачылі змены да лепшага ў Маладзечне. Карпенка вельмі шмат зрабіў, у тым ліку і тое, чаго не было зроблена ні ў якім іншым горадзе Беларусі.

Было праведзена перайменаванне вуліц. Маладзечна — адзіны горад у Беларусі, дзе няма ніводнай Савецкай, Камуністычнай ці Ленінскай вуліцы. Была створана тапанімічная камісія з удзелам Генадзя Каханоўскага і Міколы Ермаловіча, падключылі Акадэмію навук. Вярнулі гістарычныя назвы, перайменавалі. Праспект Леніна стаў Вялікім Гасцінцам, і гэтак далей. На ініцыятыву настаўніка Лявона Цімохіна і дырэктара заводу жалезабетонных вырабаў Міколы Івашкевіча з Салаўкоў прывезлі камень і паставілі ў цэнтры горада насупраць Леніна — помнік называўся «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі».

«Ніякай гвалтоўнай беларусізацыі ў пачатку 90-х не было»

Між іншым, вось кажуць некаторыя пра нібыта «гвалтоўную беларусізацыю» у пачатку 90-х. Нічога падобнага, ніякай «гвалтоўнай беларусізацыі» не было. У Маладзечне мы спакойна пачалі праводзіць нарады выканкама толькі на беларускай мове, пратаколы ўсе былі толькі па-беларуску.

Генадзь Карпенка

Карпенка сабраў чыноўнікаў выканкама і вельмі проста патлумачыў: «Шаноўныя, ёсць Канстытуцыя, ёсць закон, беларуская мова дзяржаўная. Мы павінны ёй карыстацца. Хто не ведае мовы — арганізоўваем курсы, у працоўны час, бясплатна, вывучайце мову». І тыя, хто не ведаў, вывучылі і перайшлі спакойна на беларускую.

Наш выканкам быў адзіны ў Мінскай вобласці, які здаваў пратаколы ад пачатку да канца толькі на беларускай мове. Усё, паўтараю, адбылося вельмі проста: за паўгода мы перавялі выканкам на беларускую мову. І ніякага гвалту не было.

«У Маладзечне стварылі 10 000 працоўных месцаў»

Перайменаванне вуліц у Маладзечне, пра якое часта згадваюць — гэта толькі маленькая частка зробленага. Пачаў Карпенка з эканомікі.

Калі разваліўся СССР, у Маладзечне было пяць заводаў так званага саюзнага падпарадкавання, і ўсе гэтыя заводы спыніліся. 10 тысяч працоўных апынуліся на вуліцы. І трэба было вырашаць гэтую праблему. І што зрабіў Карпенка? Правёў сумеснае пасяджэнне выканкама і гарсавета, прынялі рашэнне правесці хуткае афармленне рэгістрацыі малых і сярэдніх прадпрыемстваў, стварэнне працоўных месцаў за кошт малога бізнесу. На год вызвалілі ўсіх, хто пайшоў у малы і сярэдні бізнес, ад мясцовых падаткаў. Далі вялікія льготы. Ніякай карупцыі не было.

Маладзечна

Да нас пацягнуліся нават з Мінску, такія як «Дайнова», «Сантас», «Рамас», буйны бізнес пачаў рэгістравацца ў Маладзечне. І што атрымалася ў выніку? Мы стварылі тысячу малых прадпрыемстваў і 10 тысяч працоўных месцаў. І праз год гэты малы і сярэдні бізнес перакрыў у тры разы даходную частку бюджэту горада.

А тады было так, што пры перавыкананні бюджэту сродкі заставаліся ў распараджэнні гарадскіх уладаў. І ў нас былі грошы ў запасе. Было цяжка з жыллём для медыкаў і педагогаў — ім пабудавалі дзевяціпавярховы дом. Асобны дом пабудавалі для ветэранаў вайны. Заасфальтавалі вуліцы, пабудавалі стадыён.

Шмат грошай было ўкладзена ў культурныя і спартовыя мерапрыемствы. Многія памятаюць тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца», фестываль беларускай песні і паэзіі, які быў фактычна супрацьвагай віцебскаму «Славянскаму базару».

«Маладзечна восем дзён пратрымалася пад бел-чырвона-белым сцягам»

Дарэчы, апошні горад, які трымаўся восем дзён пад бел-чырвона-белым сцягам пасля рэферэндуму 1995-га, быў Маладзечна. Уначы вешаем сцяг — у абед здымаюць, вешаюць чырвона-зялёны; зноў вешаем бел-чырвона-белы. Усе гарады Беларусі ўжо пад зялёна-чырвонымі сцягамі была, а мы — пад бел-чырвона-белым стаялі. І гэта — дух Карпенкі!

Мэр, які ў той час ужо быў, пасля Карпенкі, нават загадаў газазваркай зрэзаць пажарныя лесвіцы, каб нельга было залезці на дах і павесіць бел-чырвона-белы сцяг.

Поўнасцю тэкст даступны па спасылцы.

Магіла Генадзя Карпенкі.
Магіла Генадзя Карпенкі.

• Текст доступен на языке: Русский