Барыс Кіт. Фота Сяргей Макарэвіча.

6 красавіка – 110 год Барысу Кіту, беларускаму грамадскаму дзеячу, фізіку, матэматыку, педагогу, канструктару амерыканскай ракетнай тэхнікі. Прапануем прыгадаць, як Барыс Кіт быў звязаны з нашым рэгіёнам.

У Лебедзеве нарадзіўся старэйшы сын

Як паведамляюць на сайце Лебедзеўскай школы, на працягу чатырох гадоў Барыс Кіт жыў і працаваў у вёсцы Лебедзева на Маладзечаншчыне. Калі пачалася Другая сусветная, ён прыйшоў пешшу ў Лебедзева з Баранавічаў. Да вайны працаваў у Баранавічах выкладчыкам і інспектарам аддзела народнай адукацыі Баранавіцкай акругі. Тут у гэты час вучылася ў настаўніцкім інстытуце ўраджэнка вёскі Лебедзева Ніна Іванаўна Корсак, дачка царкоўнага рэгента. Яна выйшла замуж за Барыса Кіта.

У Лебедзеве ў пары нарадзіўся старэйшы сын Уладзімір.

У час вайны Барыс Кіт выкладаў у Лебедзеўскай пачатковай школе матэматыку і нямецкую мову. Хацеў тут на базе школы адкрыць гімназію.

У Лебедзеве Барыс Кіт знаходзіўся да лета 1944 года.

У Маладзечне хацеў адкрыць настаўніцкую семінарыю

Вось як сам Барыс Кіт прыгадваў сваю дзейнасць у Маладзечне падчас гутаркі з Васілём Быкавым у Франкфурце-на-Майне ў 2001 годзе:

«Беларускі актыў стаў наракаць, што я сяджу, нічога не раблю. Ксёндз Гадлеўскі, які тады быў галоўным школьным інспектарам усяе Беларусі (пазней яго расстралялі немцы), паводле чутак, казаў: што гэты Кіт сядзіць там на печы, пара ўжо яму вылазіць адтуль.

Тады я паехаў з Лебедзева ў Маладзечна, дамовіўся са школьным інспектарам. Тады і вырашыў заснаваць у Маладзечне беларускую настаўніцкую семінарыю.

Дарэчы сказаць, што ўсе школы, дзе я калісь працаваў ці арганізоўваў іх, былі чыста беларускія.

Мяне зацікавіла маладзечанская традыцыя, бо там яшчэ за царскім часам існавала настаўніцкая семінарыя, што было важна. Беларусы таму спрыялі, асабліва школьны інспектар Маладзечанскага раёна спадар Яворскі. Ён быў надзвычай цудоўны беларускі патрыёт і пачаў са мною беларускае школьніцтва на Маладзечне.

Каб атрымаць дазвол, нам даводзілася ездзіць у Мінск, у школьны аддзел генеральнага камісарыяту. Там быў нямецкі начальнік Сівіца, а ягоны заступнік – беларускі доктар Яхім Скурат. Скурат быў мой калега па Віленскім універсітэце. Мы ўгаварылі немца Сівіцу даць нам дазвол адчыніць беларускую настаўніцкую семінарыю. З гэтым дазволам мы ўсцешаныя прыехалі ў Маладзечна, і я разгарнуў усю справу.

Атрымалі асобны дом, надрукавалі афішы. На працягу некалькіх дзён запісалася трыста чалавек моладзі.

Але хутка ўсё знікла. Мы не ведалі, што трэба яшчэ атрымаць дазвол ад нямецкага гебітскамісара Шмідта ў Вілейцы. Як ён даведаўся, што я без ягонага дазволу адчыніў семінарыю, дык так зазлаваў і на сваёй машыне прыехаў у Маладзечна. Найперш зачыніў друкарню, дзе друкаваліся афішкі, і шукаў мяне, каб арыштаваць. Тады я паехаў у Мінск да спадара Скурата і таго ж Сівіцы, а яны: «Ну што ж, мы цябе пашлём у другое месца». І паслалі мяне ў Паставы таксама дырэктарам беларускай настаўніцкай семінарыі».

Цягніком павезлі, закутага, у Вілейку

«Аднойчы, як я ехаў да свае хаты ў Лебедзеве, мяне арыштавалі і пасадзілі ў турму. 30 дзён я сядзеў у Глыбокім. Мяне абвінавачвалі, што я нібыта маю сувязь з партызанамі, што я англа-амерыканскі шпіён. На той час ужо працавала Беларуская цэнтральная рада ў Мінску, і там даведаліся, што я сяджу ў Глыбокім. Яны баранілі сваіх людзей. А ў Глыбокім быў прадстаўнік Рады Нікандра Мядзейка. Ён дамогся, каб мяне перавялі ў галоўную турму СД у Вілейцы.

Цягніком мяне, закутага, прывезлі ў Вілейку. Пачалося новае зняволенне. Кінулі мяне ў камеру. Бачу: уся падлога занятая людскімі целамі, няма куды ступіць.

Нехта падняўся, пытаецца: «А ты вошы нам прывёз ці не?» Такое было вітанне.

Пачалося турэмнае жыццё. Кожнага дня выпускалі нас пагуляць на двор. У дзвярах стаяў вартавы, але не немец, а паляк, паскудны такі чалавек. Па прозвішчы Генрых Сянкевіч. У мяне вырасла чорная барада. Дык гэты Сянкевіч падумаў, што я жыд. Ён адмыслова з мяне здзекаваўся. Як я праходзіў праз дзверы, дык ён мяне біў гумовай палкай па галаве. Я ледзьве не падаў.

Неяк раз нас павялі ў лазню, і ён пабег за мной паглядзець, ці я жыд? Упэўніўся – не.

Так здарылася, што ў немца Шмідта, гебітскамісара Вялейкі, які забараніў мне семінарыю, быў беларускі давераны пры Віленскім гебітскамісарыяце Кастусь Касяк, мой былы вучань з Віленскай беларускай гімназіі. Ён мяне і ўратаваў. Заступіўся за мяне перад Шмідтам.

Гэта быў дужа таленавіты вучань. Калі я ў Вільні аднойчы захварэў і лёг ва ўніверсітэцкі шпіталь, дык Касяк кіраваў заняткамі па матэматыцы. Пражыў ён усяго каля 30 гадоў.

Пра ягоную смерць ёсць дзве версіі. Адна – што яго павесілі ў Вілейцы пасля прыходу Чырвонай Арміі. А другая, што загінуў у Валожыне, куды перад канцом быў пераведзены начальнікам раёна, а там на яго данесла немцам Армія Краёва, і ён быў расстраляны».

Даведка «РГ»

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. У 1918 вярнуўся з бацькамі на Наваградчыну, адкуль паходзіць сям’я. Скончыў школу, гімназію, фізмат Віленскага ўніверсітэта (1933). Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1930-я быў выкладчыкам і дырэктарам беларускіх гімназій.

У 1943-м настаўнічаў у Маладзечне і Паставах. Заснаваў адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. У 1944 арыштаваны гестапа. У канцы вайны эміграваў у Германію. Вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях. Жыў у Германіі і ЗША. Працаваў у Вашынгтоне, у Міністэрстве паветраных сіл ЗША ў аддзеле касманаўтыкі. Выконваў абавязкі эксперта ў развіцці міжнароднай касманаўтыкі. Памёр 1 лютага 2018 года ў Франкфурце-на-Майне.

У 2018 годзе пра сваю сустрэчу з Барысам Кітом на нашым сайце расказаў Сяргей Макарэвіч.

 

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский