«Рэгіянальная газета» вырашыла паглядзець на сайце дзяржзакупак, што цэнтральныя раённыя бальніцы рэгіёну закуплялі ад 1 сакавіка да 5 красавіка 2020 года.

Інфаграфіка Зоі Хруцкай.

Мы раздзялілі ўсе закупкі на пяць катэгорый:

  •  харчаванне;
  •  дэзінфекцыя;
  •  абарончыя сродкі (рэспіратары, маскі, пальчаткі, халаты і г.д.);
  •  тэхнічнае абслугоўванне, рамонт і паслугі па выкананню працы;
  •  медыцынскія матэрыялы (рэагенты, інструменты, прыборы).

Дэзінфекцыю і абарончыя сродкі мы вынеслі ў асобныя катэгорыі з-за каранавіруснай інфекцыі, каб паказаць, ці паўплывала на закупкі бальніц пандэмія.

Ашмянская ЦРБ

Ілюстрацыя Зоі Хруцкай.

Сярод астатніх цэнтральных бальніцы рэгіёну ашмянскія медыкі могуць пахваліцца вялікай варыятыўнасцю закупак.

Толькі ашмянская ЦРБ у сакавіку замаўляла рэспіратары, маскі, пальчаткі, тэрмометры, супрацьэпідэмічныя касцюмы і дызінфікуючыя сродкі.

Самай буйной закупкай на сакавік-красавік 2020-га сталі дэзінфекуючыя сродкі амаль за 28 тысяч беларускіх рублёў. Аднак гэта не адзіная закупка дэзінфекцыі. Напачатку сакавіка ЦРБ закупіла іх за 4469,40 рублёў. Агулам дэзінфекцыя абышлася ў 32819,40 рублёў.

На харчаванне ашмянскія медыкі выдаткавалі 12443 рублі: каўбаса, гародніна, квашаная капуста, гарошак і соль.

У сакавіку ЦРБ выдаткавала 54445 рублёў на супрацьэпідэмічныя касцюмы, абарончыя акуляры, рэспіратары, маскі, пальчаткі, бахілы, фартухі і г.д.

На тэхабслугоўванне і рамонт пайшло 5637 рублёў: ТА газавай кацельні, рамонт аўтамабіля хуткай дапамогі і г.д.

На медыцынскія матэрыялы выдаткавалі 10451 рублёў. Гэтыя грошы пайшлі на аплікатары, тэрмаіндыкатары, стаматалагічныя матэрыялы, тампоны і вірусныя тупферы (яны прызначаны для ўзяцця біаматэрыялу, дзякуючы ім знаходзяць вірусныя захворванні, і каранавірус у тым ліку).

Усяго ашмянская ЦРБ на закупкі ў сакавіка-пачатку красавіка выдаткавала 115795,40 рублёў.

Смаргонская ЦРБ

Ілюстрацыя Зоі Хруцкай.

Харчаванне, дэзінфекуючыя і абарончыя ад вірусаў сродкі ў смаргонскую цэнтральную бальніцу ў гэты перыяд не закуплялі.

Тэхабслугоўванне, рамонт і закупка паслугаў абышлася смаргонцам у 58400 беларускіх рублёў. Гэтыя грошы пайшлі на рэнтгенаўскае, медыцынскае, дыягнастычнае, наркозна-дыхальнае, рэанімацыйнае, кардыялагічнае абсталяванне. Смаргонскія медыкі аформілі паслугі на ТА і рамонт абсталявання падачы медыцынскіх газаў, лазарнай тэрапіі і дэфібрылятараў.

Медыцынскія матэрыялы каштавалі 11265 рублёў. Грошы пайшлі на рэагенты да аўтаматычнага біяхімічнага аналізатара. Таксама ЦРБ купіла мэблю — 21 стул, 16 табурэтаў, 4 сталы. А яшчэ набылі два ларынгаскопы — гэта прыбор для абследавання гартані.

Яшчэ разглядаюць прапановы на паслугі па тэхабслугоўванню і рамонту медыцынскага абсталявання. Частку закупак ужо скасавалі, аднак разглядаюць прапанову па ТА і рамонту ложка-масажора і масажнага крэсла — за 1500 рублёў. Таксама смаргонская бальніца разглядае прапанову па ТА і рамонту Біаптрону — гэта тэрапія светам. ТА і рамонт будзе каштаваць 1000 рублёў. У ЦРБ хочуць адрамантаваць аўдыялагічнае абсталяванне за 2200 рублёў — разглядаюць прапановы па выканаўцам.

Усяго за сакавік і пачатак красавіка смаргонская ЦРБ выдаткавала 69665 беларускіх рублёў.                                     

Астравецкая ЦРБ

Ілюстрацыя Зоі Хруцкай.

Да 8 красавіка падаюць прапановы для продажу Астравецкай ЦРБ аўтамабілю для аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі — за 75000 рублёў. А да 12 красавіка прымаюць прапановы па тэхабслугоўванню медыцынскага абсталявання.

Галоўнай артыкулам выдаткаў аказаліся прадукты харчавання. На іх пайшло 253460 рублёў.

Дэзінфекцыю і абарочныя сродкі астравецкая ЦРБ не закупляла.

Тэхабслугоўванне і рамонт выйшлі астравецкім медыкам у 117250 рублёў. Закуплялі паслугі па прыёму бялізны для сціркі і выдачы яго пасля сціркі з дастаўкай, тэхабслугоўванне сістэмы пажарнай сігналізацыі і сістэмы абвесткі аб пажары.

Медыцынскія матэрыялы (оптыка для цысктаскопу, матэрыял для стэрылізацыі) абышліся ў 10000 беларускіх рублёў.

Усяго астравецкая ЦРБ выдаткавала ў сакавіку і пачатку красавіку 380710 рублёў.

Валожынская ЦРБ

Ілюстрацыя Зоі Хруцкай.

Валожынская ЦРБ як амаль і ўсе іншыя медыцынскія ўстановы рэгіёну не закупляла ў сакавіку і пачатку красавіка дэзінфекуючыя і абарончыя сродкі. У Валожыне таксама не куплялі і медыцынскія матэрыялы.

Асноўныя сродкі — 56420 рублёў — пайшлі на тэхабслугоўванне і рамонт. Гэта закупка паслуг па мыццю бялізны, абслугоўванне аналізатара, закупка аўтазапчастак. У Валожыне купілі і праграмна-апаратны комплекс «Электронная сістэма кіравання чаргой».

На харчаванне пайшло 17547 рублёў — бананы, зефір, какава, капуста і г.д.

Усяго валожынская ЦРБ у сакавіку і красавіку выдаткавала на закупкі 72967 рублёў.

Мядзельская ЦРБ

Ілюстрацыя Зоі Хруцкай.

Мядзельская ЦРБ стала бальніцай у рэгіёне, якая выдаткавала менш за ўсё грошай на закупкі. Мядзельчукі не закупляліся дэзінфекцыяй і абарончымі сродкамі ў гэты перыяд.

На харчаванне выдаткавалі 3456 рублёў — гародніна, яблыкі, перац, каўбаса, лімонная кіслата, лаўровы ліст.

За тэхнічнае абслугоўванне і рамонт заплацілі 32910 — гэта самы вялікі пункт выдаткаў у Мядзеля.

Грошы пайшлі на медыцынскія інструменты, тэхабслугоўванне і рамонт кампрэсарнай станцыі і сістэм падачы медыцынскіх газаў, электрадыягнастычнае абсталяванне, мікраскопы, аналізатараў глюкозы і глікіраванага гемаглабіну. Мядзельскія медыкі заплацілі і за рамонт «Фольксвагена Джэты» і пральных машын.

У сакавіку прайшлі закупкі паслуг пагрузчыка, праграмістаў і перавозцы медыцынскага абсталявання. ЦРБ закупіла летнія шыны і паслугі па выпрабаванню вентыляцыйных сістэм.

Медыцынскія матэрыялы абышліся ў 9158 беларускіх рублёў. Гэта мыйныя сродкі, папера, канцылярскія тавары, а таксама экспрэс-тэсты для выяўлення наркатычных і псіхаактыўных рэчываў у мачы.

Усяго мядзельская ЦРБ за сакавік і пачатак красавіка выдаткавала 45524 рублі.

Вілейская ЦРБ

Ілюстрацыя Зоі Хруцкай.

У вілейскай ЦРБ не закуплялі ў сакавіку дэзінфекуючыя сродкі, маскі, бахілы і іншыя абарончыя сродкі.

На харчаванне ў вілейскіх медыкаў пайшло 37434,73 рублёў. У асноўным гэта была малочная прадукцыя, дзіцячыя сумесі і харчаванне.

Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт абышліся ў 25312 рублёў. Гэта закупка паслуг па тэхабслугоўванню і рамонту сістэм падачы медыцынскіх газаў, ліфтаў і сродкаў дыспетчарскага кантролю за іх працай, халадзільнага і цеплавога абсталявання.

Вілейскія медыкі купілі паслугі па распрацоўцы экалагічнага пашпарту і інструкцыі па ажыццяўленні вытворчага кантролю ў галіне навакольнага асяроддзя.

На медыцынскія матэрыялы, якія сталі асноўным пунктам у выдатках, пайшло 45240 рублёў. Вілейская бальніца закупіла стаматалагічныя інструменты, паперу і рэагенты для правядзення даследаванняў імунаферментнага аналізу.

Усяго вілейская ЦРБ выдаткавала за сакавік і пачатак красавіка на закупкі 101986,73 рублёў.

Маладзечанская ЦРБ

Ілюстрацыя Зоі Хруцкай.

У сакавіку большасць закупак маладзечанскай бальніцы не адбыліся. ЦРБ не купляла праз сайт дзяржзакупак абарончыя матэрыялы, дызінфікуючыя сродкі і прадукты харчавання.

Асноўным стала набыццё медыцынскіх матэрыялаў — рэагенты, хірургічныя, акушэрскія і касметалагічныя інструменты. На гэта выйшла 64156 беларускіх рублёў.

Тэхабслугоўванне, рамонт і іншыя паслугі абышліся ў 21860 беларускіх рублёў. Пусцілі гэтыя грошы на амбулаторыю ў Заскавічах. Там плануюць зрабіць тэхнічнае абслугоўванне сістэмы пажарнай сігналізацыі, сістэмы абвесткі і ахоўнай сігналізацыі ў кацельні Заскавіцкай амбулаторыі.

Маладзечанская ЦРБ знаходзіцца ў стане падпісання дамовы на паслугі па перавозцы целаў памерлых (загінулых) людзей для правядзення судова-медыцынскіх паслуг і на часовае захоўванне ў моргу. Гэтая закупка для бальніцы будзе каштаваць 19 тысяч беларускіх рублёў.

Усяго маладзечанская ЦРБ у сакавіку і пачатку красавіка выдаткавала 86016 рублёў.

Ілюстрацыя Зоі Хруцкай.

• Текст доступен на языке: Русский